«Па-першае, гэта прыгожа!» Незвычайныя тату і бодзімадыфікацыі беларусаў


Большасць беларусаў жадае замаскавацца ў натоўпе, не вылучацца і каб ніхто не чапаў. Але заўжды былі людзі, якія жадалі падкрэсліць сваю індывідуальнасць і непаўторнасць. Некаторыя мяркуюць, што найлепшы спосаб для гэтага – арыгінальнае татуяванне.

У сучасным свеце татуяваннем ужо нікога не здзівіш, таму людзі робяць розныя мадыфікацыі свайго цела. Антаніна Фацеева – адна з некалькіх беларусаў, хто наважыўся на незвычайную бодзімадыфікацыю: яна змяніла колер цвердавіцаў на чорны.

«Гэта больш страшна, чымся балюча! Гэта не балюча наагул! Гэта як парушынка нейкая ў воку! Проста дыскамфорт», – распавядае жанчына.

Цвердавіцы блакітнага колеру мае Дэн Зусак.

«Я вельмі люблю блакітны колер», – тлумачыць свой выбар Дэн.

Акрамя мадыфікацыі цвердавіцаў, у Дэна зробленае шрамаванне: на целе выразаюць скуру, яна гоіцца і са шраму ўтвараецца ўзор.

«Мне было вельмі балюча. Майстар, які рабіў мне шрамаванне, увёў мне вельмі мала анестэзіі, і праз вялікі ўчастак пашкоджання ў мяне ўзніклі келоідныя рубцы. Гэта вельмі частая з’ява для шрамавання», – распавядае Дэн.

Тут можа быць вашая рэклама

Набіць тату на грудзях, сцягне ці плячах можа кожны. А што, калі гэтага мала? Што, калі дабрацца да самых нечаканых частак цела?

Не так даўно ў сеціве абмяркоўвалі фота гарадзенскага таты дваіх дзяцей, у якога масіўнае тату на твары. Гутарка пра Аляксея Лімана, вядомага пад псеўданімам Лімон. Аляксей працуе тату-майстрам. Выявы на ягоным твары з’яўляліся паступова.

«Гэта абсалютна не залежныя адзін ад аднаго малюнкі, абсалютна розныя ідэі, якія нясуць за сабою і розныя часовыя прамежкі, і розныя эмацыйныя прамежкі», – кажа Аляксей.

За адно з тату на твары яму не давялося плаціць: наадварот, Аляксей атрымаў $ 3000. Адна з фірмаў зрабіла прапанову: хто наб’е сабе яе лагатып, таму дадуць грошы. Калі зробіш тату на галёнцы ці перадплеччы – атрымаеш $ 200. За тату на шыі – $ 1500. І $ 3000 – на твары. Аляксей зрабіў сабе тату на шчацэ ды атрымаў абяцаныя грошы. Што праўда, маладзён схітрыў: тату цяпер нябачнае, бо яго закрывае барада.

Радзіма на скуры

Апошнім часам усё часцей можна заўважыць людзей з татуяваннямі на нацыянальную тэму. Людзі набіваюць на целе выявы нацыянальных герояў, беларускіх міфічных істотаў, арнамент і іншыя сімвалы, звязаныя з Беларуссю.

«Цягам дзесяці гадоў да нас з такімі ідэямі прыходзяць людзі. Кожны з нас пачуў, што арнамент і беларуская прыналежнасць візуальная трапляе ў трэнд, і, адпаведна, гэта адлюстроўваецца на тату», – кажа кіраўнік тату-студыі «Dopeink» Аляксей Новікаў.

А што на гэта кажуць дактары?

І татуяванне, і бодзімадыфікацыя – гэта ўмяшанне ў арганізм, якое можа так ці іначай паўплываць на здароўе. Некаторыя дактары засцерагаюць тых, хто занадта змяняе сваё цела.

«З гледзішча медыцыны, так, гэта шкодна, бо не вядома, якія наступствы гэта можа ў будучыні прынесці», – кажа дэрматолаг медычнага цэнтру «Ладэ» Раіса Шэршань.

Доктарка тлумачыць, што імунная сістэма намагаецца разабраць пігмент на кавалкі і ўтылізаваць яго. Але арганізм не ведае, як гэта можна зрабіць. Раіса кажа, што колер не выцвітае, ён проста разносіцца па арганізме ды можа захраснуць у лімфатычных вузлах ці іншых органах і тканках.

«Гэта бомба запаволенага дзеяння. Як адрэагуе наш арганізм, невядома. Гэта можа быць алергічная рэакцыя неадкладнага ці запаволенага тыпу. Звязваюць з гэтым і развіццё анкалагічных хваробаў. Небяспечна рабіць тату там, дзе радзімкі», – тлумачыць адмыслоўца.

Майстры татуяванняў таксама не гоняцца за тым, каб усім набіць тату. Вельмі часта яны адмаўляюць у паслузе, калі бачаць, што чалавек не ўпэўнены, калі не хочуць забіваць скуру людзей нейкаю бязглуздзіцаю, пра якую кліент пасля будзе шкадаваць.

Вывесці тату надта складана, а што яшчэ важна – балюча. Некаторыя бодзімадыфікацыі кшталту змены колеру цвердавіцаў і шрамавання застануцца на ўсё жыццё.

Якія татуяванні робяць беларусы, як змяняюць свае целы, з якою рэакцыяй людзей сутыкаюцца? Пра ўсё гэта вы даведаецеся ў прэм’ерным выданні ток-шоу «Кожны з нас» (відэа вышэй).

Ток-шоу «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і на нашай старонцы. Падпісвайцеся на YouTube-канал «Кожны з нас».

Стужка навінаў