Па нулях: размовы «глухой» Наталлі Качанавай з «нямымі» прадстаўнікамі апазіцыі

Запіс гутаркі галавы верхняй палаты таго, што ў нашай краіне імітуе парламент, Наталлі Качанавай падчас сустрэчы з чальцамі апазіцыйных ініцыятыўных групаў у Баранавічах прадэманстравала: размаўляць няма каму і няма з кім.

Застаецца пазайздросціць рытарычнаму майстэрству Наталлі Іванаўны, якая першапачаткова заявіла:

– Я прыехала па даручэнні Аляксандра Рыгоравіча, каб даведацца, чым менавіта вы незадаволеныя. Чаму вы супраць.

Можна было б спытаць, чаму галава заканадаўчага органа займаецца тым, чым павінен займацца памочнік прэзідэнта – калі гаворка ідзе пра прэзідэнта – або давераная асоба кандыдата на прэзідэнта – калі гаворка вядзецца пра кандыдата на прэзідэнцтва. А гэта было б тое пытанне, якое непазбежна паставіла б Наталлю Іванаўну хоць у колькі слабую пазіцыю. Бо кандыдата на прэзідэнта Лукашэнкі не існуе, спіса яго давераных асобаў таксама, і ўся гэтая гутарка цалкам падпадае пад артыкул аб злоўжыванні службовым становішчам. Тым боль спадарыня Качанава сабралася ехаць на сустрэчу з працоўным калектывам – а значыць, знаходзілася ў камандыроўцы.

Але для чальцоў ініцыятыўных групаў ліслівым была ўвага настолькі высокай асобы. Таму хтосьці паспеў нагаварыць Качанавай кампліментаў (разумная, прыгожая, выхаваная), хтосьці паскардзіўся асабіста на лёс і атрымаў авансам абяцанне дапамагчы з працаўладкаваннем. З двух гадзінаў часу, зафіксаванага на плёнцы, бадай, толькі некалькі пытанняў былі абдуманыя, і адчувалася, як Наталля Іванаўна старанна «з’язджала» з іх.

Але ў іншым яна відавочна выйграла.

Аб’ектыў
Маштабны пераслед праціўнікаў Лукашэнкі
2020.06.16 22:48

Качанава максімальна эфектыўна выкарыстала час на тое, ка паспрабаваць пераканаць суразмоўцаў ва ўласнай кампетэнтнасці ды кампетэнтнасці ўлады. Яна паведаміла, што ўлада шчыра клапоціцца пра эканоміку, прымае захады падтрымкі людзей. Што іншыя краіны зайздросцяць нашай палітыцы барацьбы з каронавірусам. Што сярэдні заробак у Баранавічах дасягне да 1 жніўня тысячу рублёў. Што закладзены падмурак дабрабыту краіны.

Лёгка і беспрымусна адбівала Наталля Іванаўна любыя спробы дамагчыся адказаў на пытанні пра фальсіфікацыі вынікаў выбараў, пра адсутнасць зменаў у Выбарчым кодэксе, пра неабходнасць карэктыроўкі моўнай і культурніцкай палітыкі. На прыклады з асабістага досведу яна адказвала ўласнымі прыкладамі, на нязручныя пытанні фармулявала пытанні насустрач. На спробы дамагчыся адказаў тут і цяпер прасіла даць імя і адрас таго, хто пытае, каб адказаць пісьмова і потым. Пры гэтым – асабліва ў пытаннях, звязаных з пандэміяй, – яна сыпала лічбамі, назвамі вытворчасцяў, геаграфіяй сваіх паездак.

Ніхто з яе суразмоўцаў, на жаль, не быў гэтак добра падрыхтаваны да гэтай сустрэчы. Можна толькі паапладзіраваць «галоўнаўгаворваючай» прадстаўніцы ўлады: «галачка» пастаўлена, а ні на адно пытанне суразмоўцы не атрымалі канкрэтнага адказу. Проста таму, што яны іх не задалі. А значыць, пачутыя не былі.

І гэта віна нашай класічнай апазіцыі. Увесь гэты час рэгіянальны актыў «нацягвалі» на збор подпісаў падчас петыцыйных кампаніяў, на гатовасць да «содняў», якія на бясконцыя скаргі начальству і замежнікам, што прыязджаюць. Але нават навучыць людзей фармуляваць кароткае і адназначнае пытанне, забяспечыць іх хоць нейкай статыстыкай і іншай фактурай ніхто не знайшоў час. Зрэшты, калі мы паслухаем запісы сумесных прэс-канферэнцый «галоўных» партыйных лідараў, то ўражанне будзе не менш засмучальнае (калегі-журналісты пацвердзяць).

Менавіта таму Качанава зрабіла галоўную выснову: у незадаволеных няма ніякіх аргументаў супраць перавыбрання Лукашэнкі – акрамя таго, што ён ім не падабаецца. Усё астатняе яна не бачыла, не чула, не чытала, а такога чалавека, як Аляксандр Рыгоравіч яшчэ пашукаць трэба. З тым і паехала. Наперадзе яе чакалі яшчэ два калектывы, якія, верагодна, былі яшчэ больш добразычлівай аўдыторыяй.

Зрэшты, і сустрэча ў Пінску, кароткае рэзюмэ пасля якой даў «Белсат», укладвалася ў тую ж схему. Ва Украіне дрэнна, сама Качанава з беднай сям’і, у Інтэрнэт ходзіць рэдка, а перад Лукашэнкам варта на калені ўстаць. Прымусіць яе пачуць іншае меркаванне відавочна не атрымалася, а на пікет, дзе збіралі подпісы за Святлану Ціханоўскую, Наталля Качанава ісці адмовілася. Аднак абнадзейвала адна фраза. Наталля Іванаўна шчыра заявіла аб тым, што калі спатрэбіцца, яна гатовая будзе працаваць і дворнікам. Хочацца ў гэта верыць: чалавек яна акуратны. Так бы мовіць, жанчына, зручная ў побыце.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў