Па НТВ пакажуць фільм паводле твораў Чаргінца. ТРЭЙЛЕР


Увесну 2019 года ў кінапракат выйдзе беларуска-расейскі фільм «Чорны пёс» сумеснай вытворчасці «Беларусьфільм» і расейскай кампаніі «Нью арт сінема прадакшн». Ён зняты паводле сцэнару, у аснове якога ляжаць творы старшыні дзяржаўнага Саюзу пісьменнікаў Мікалая Чаргінца.

Як піша БелТА, рэжысёр карціны – Аляксандр Франскевіч-Лае, які раней зняў фільмы «У чэрвені 1941», «Тонкі лёд», «Маёр Ветраў».

«Чорны пёс» прысвечаны барацьбе з тэрарызмам на Блізкім Усходзе. Паводле сюжэту маёр спецназа Андрэй Рубцоў, выконваючы заданне па нейтралізацыі банды тэрарыстаў, губляе ў баі ўсіх сваіх баявых таварышаў. Ён вымушаны правесці доўгі час без прытомнасці ў чужой краіне. Вярнуўшыся на радзіму, Рубцоў помсціць за гібель сяброў, ратуе сваю сям’ю і дапамагае ліквідаваць верхаводаў міжнароднай злачыннай групоўкі.

Асноўнае дзеянне карціны адбываецца ў Беларусі. Большая частка інтэрʼерных здымак прайшла ў Менску і Мікашэвічах. У фільме занятыя беларускія акторы Ігар Сігаў, Павел Южакоў-Харланчук, Анатоль Кот, Аляксандр Аверкаў ды іншыя.

Тэлеверсія фільма ў чатырох серыях стартуе 3 сакавіка на расейскім тэлеканале НТВ.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў