«Па наіўнасці мы думалі, што ў камерах – па 30 чалавек». Арыштант Акрэсціна пра тое, колькі можа змясціць ЦІП, абліванні мачою і экспрэс-прысуды


Мы працягваем публікаваць сведчанні людзей, якія распавядаюць пра свой досвед зняволення на Акрэсціна, пра матывацыю пратэставаць і дзеляцца надзеямі на перамены.

Уладзіславу 28 гадоў, нарадзіўся ў Менску, закончыў юрыдычны факультэт БДУ па спецыяльнасці адвакатура і натарыят. Пасля ўніверсітэту працаваў і жыў у Маскве, у 2016-м вярнуўся ў Менск, паспрабаваў працаваць па спецыяльнасці судовым выканаўцам, неўзабаве з’ехаў у Польшчу і зноўку вярнуўся ў Беларусь. У 2018-м пачаў усё з чыстага ліста.

Пасля выхаду з ЦІП Уладзіслаў працягнуў браць удзел у акцыях. Фота героя публікацыі

Цяпер Уладзіслаў працуе памочнікам выхавацеля ў дзіцячым садку. Пасля апошняга вяртання на радзіму ён цалкам адмовіўся ад працы па спецыяльнасці і перайшоў у сацыяльную сферу. Belsat.eu пагутарыў з маладым чалавекам пра падзеі апошніх тыдняў і пра тое, адкуль зʼявілася цікавасць да грамадскага жыцця.

Усё пачалося з подпісаў за Бабарыку

«Вылучэнне Бабарыкі стала для мяне адпраўным пунктам, – пачынае свой аповед Уладзіслаў. – Я падпісаўся за яго, арганізаваў усіх сваіх сяброў, каб падпісаліся за яго, карацей, максімальна агітаваў за Бабарыку. Натуральна, я чакаў, што справядлівых выбараў не будзе, што ў нас па факце 37-ы год, але калі Бабарыку затрымалі разам з сынам, я здзівіўся, думаў, прынамсі сына не будуць чапаць».

Уладзіслаў. Фота героя публікацыі

«9-га жніўня ўжо разумеў, што нягледзячы на ініцыятыву «Голас», нягледзячы на людзей, якія сабраліся каля выбарчых участкаў, нягледзячы на заклікі да сумлення чальцоў выбарчых камісіяў, неабходна масава выходзіць на вуліцу і адстойваць там сваю грамадзянскую пазіцыю».

Інтэрв’ю
Былы намеснік начальніка віцебскага ІЧУ Сяргей Каўрыга: Служыць стала зусім невыносна
2020.09.01 09:12

«У вечар выбараў я быў каля Стэлы, побач са мною ўзарвалася граната і абпаліла адзенне. Ужо пасля затрымання мне дапамаглі тым, што парвалі вопратку, бо калі б яе пабачылі, было зразумела, што я быў у першых шэрагах. Мог бы выйсці з інваліднасцю з Акрэсціна».

Надакучыла ўцякаць ад АМАПу

«Затрыманы я быў а 2-й гадзіне ночы. Спачатку ў мяне атрымалася збегчы, калі нас разагналі. А пасля я так стаміўся бегаць, што, можна сказаць, сам здаўся. Выйшаў на праспект каля плошчы Якуба Коласа, і там мяне затрымалі».

У 2018 годзе Уладзіслаў вырашыў пачаць з чыстага ліста. Фота героя публікацыі

«З аўтазака мы ўжо выбягалі. Я зразумеў, што трэба бегчы максімальна хутка па своеасаблівым калідоры з АМАПаўцаў. Тых, хто спатыкаўся ці бег недастаткова хутка, адразу білі. Яшчэ там былі аўтаматчыкі і сабакі. На Акрэсціна нас паставілі ў шэраг на калені, тварам да плота, забаранілі паварочвацца, а далей мацюкалі ды збівалі. Збівалі за ўсё. Не было правільных ці няправільных паводзінаў. Як нізка ты ні апускай галавы, маўчыш ці адказваеш на пытанні, білі ўсё адно. Хлопца збілі за прозвішча Ціхановіч, бо, як яны сказалі, яно сугучнае з Ціханоўскай».

На маршы Міру і Незалежнасці ў Менску, Беларусь. У краіне ўжо 22 дзень пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. 30 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

30 чалавек у камеры

«На світанку нас завялі ўжо ў ЦІП, там таксама збівалі. Асабліва мне запомнілася жанчына, якая крычала на ўсіх, пастаянна здзекавалася. Там шмат хто хадзіў пад сябе, хтосьці ад страху, нехта ад болю… У гэтай супрацоўніцы ўсё гэта выклікала агіду і смех адначасова. Яна крычала: вы свінні, ад вас смярдзіць, вы тут абасраліся, вы не людзі, будзьце мужыкамі. Можна сказаць, што гэта быў перадусім псіхалагічны ціск з яе боку. Мне ўжо пазней паказвалі фотаздымкі, але апазнаць яе даволі складана, я бачыў яе літаральна пару секундаў, і да таго ж яна была ў масцы. Пры гэтым яна ўздзейнічала не толькі на арыштаваных, але і на АМАПаўцаў, яна іх заводзіла, казала, «яшчэ больш жорстка, удар яго, так ім і трэба, гэтым сукам». Яна, напэўна, была нават больш жорсткай, чым самыя АМАПаўцы. Яны, можна сказаць, былі драўляныя, хадзілі, мацюкаліся і білі. А яна сапраўды зневажала, ламала псіхалагічна. Я перакананы, што рана ці позна яе знойдуць».

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Я перакананы, што мінімум дваіх асобаў там забілі, бо мы чулі за сценкаю камеры, як яны проста перасталі нават хрыпець у той момант, калі іх збівалі. Гэта было 10-га, калі прывозілі «барыкадыстаў». Калі знаходзілі нож, пярцовы балончык, усё што заўгодна – адразу катавалі, ад гематомаў не заставалася ў людзей жывога месца».

«У параўнанні з тымі, каго катавалі на Акрэсціна, мне пашанцавала. Гематомы, якія былі на нагах і на спіне, ужо зажылі».

«Фізічна мы адмучыліся 9-га ўночы, да раніцы 10-га. Усё, што было пазней, было вельмі цяжка псіхалагічна. Нас закрылі ў камеру № 3 на першым паверсе, у шасцімясцовай камеры нас было 30 чалавек. Без паветра, без ежы. І кожную ноч мы слухалі, як прывозяць новых людзей, збіваюць і калечаць. Новых людзей да нас не падсялялі, мы зусім не ведалі, што адбываецца».

На Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Колькі чалавек было ў ЦІП?

«Мы пачалі падлічваць, колькі чалавек магло змясціцца ў ЦІП. З намі быў адзін хлопец, які быў на Акрэсціна не першы раз, і мы прыблізна вылічылі колькасць камераў на чатырох паверхах. Па нашых падліках выходзіла, што адначасова там магло быць 800 чалавек. Але прывозілі столькі людзей, што нават па нашых падліках 11-га ўжо не было куды прымаць новых людзей. Мы абсалютна не разумелі, куды іх заводзяць. Мы па наіўнасці думалі, што калі ў нашай камеры 30 чалавек, то і ў іншых па 30. Мы ж не ведалі, што запіхвалі ў камеру і па 40, і па 50 чалавек. Плюс мы не лічылі дворыкі, дзе таксама ўтрымлівалі людзей».

«12-га да нас перавялі новых людзей, якіх утрымлівалі ў дворыку. Яны распавялі нам пра тое, што адбывалася 10-га, сказалі, як яны здзекаваліся з дзеўчын і маладых параў. Калі, напрыклад, лавілі пару, то хлопца збівалі, а дзяўчыну прымушалі глядзець, ці наадварот».

Снайперы на даху ЦІП на вул Акрэсціна ў Менску.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

«Расказалі, як стаялі ў дворыку ЦІП, іх аблівалі вадой і мачой і пакідалі на ноч без вопраткі, каб людзі мерзлі. Там жа разам з мужчынамі былі дзяўчыны, якім не давалі вады, не давалі хадзіць у прыбіральню, яны былі вымушаныя або хадзіць пад сябе, або ў каналізацыйны люк, які быў ва ўнутраных дворыку. Калі ў нас на другі дзень ад духаты ва ўсіх пачаўся кан’юктывіт, мы нічога не бачылі нармальна ў камеры, то іх на вуліцы катавалі холадам».

Суддзя Ліннік

«Далей быў суд, дакладней, пародыя на суд. У ЦІП прывозілі суддзяў, кагосьці пасадзілі ў кабінеты, кагосьці паставілі проста ў калідоры. Нас пачалі выводзіць, зноўку паставілі на калені, зноўку пабілі… Гэты было на трэція содні, увесь гэты час мы не елі і практычна не спалі».

Уладзіслаў. Фота героя публікацыі

Мне дасталася маладая суддзя Ліннік (суддзя Першамайскага раёну Менску. – belsat.eu). Суддзя – ціхая жанчына, у яе двое дзяцей, яна ўсяго баіцца, але чамусьці нас караць яна не баялася. Мне прысудзілі 14 содняў. Я толькі папрасіў, каб пазванілі маёй маме і сказалі, што я жывы. Як пасля высветлілася, ніхто ёй не званіў. Пасля ў іх скончыўся час, і апошніх з нас ужо судзілі наступным чынам: адкрывалася ў камеры кармушка, назвалі прозвішча і запытвалі: «Згодны?». Людзі перапытвалі: «З чым?» У адказ зноўку: «Згодны». І ўсё. Нават не называлі тэрміну. Згодны – кармушка закрываецца. У нас ніхто не сказаў «не згодны», бо на 4 дзень усе хацелі аднаго – выйсці з Акрэсціна жывымі».

База пад Слуцкам

«13-га нас пачалі вывозіць з ЦІП, павезлі пад Слуцк і перадалі вайскоўцам. Выкінулі 100 брудных, смярдзючых, збітых мужыкоў, быццам з нейкай вайны вярнуліся. Вайскоўцы глядзелі на нас такімі вачыма, яны проста не разумелі, што адбываецца. Там нас прывялі ў парадак, наколькі гэта было магчыма. Нас адвялі ў душ, накармілі, далі асобны ложак. На фоне таго, што было раней, гэта быў рай».

Інтэрв’ю
«Паставілі на калені і білі рукамі, нагамі, шчытамі. Я ў думках развітваўся з сям’ёй». Аповед затрыманага на «Пушкінскай»
2020.08.12 13:04

«А на наступны дзень нам абвесцілі, што нас усіх выпускаюць. Нас вывелі за КПП, і там стаялі сотні машынаў, людзі плакалі і «разбіралі» блізкіх. У той жа вечар я паехаў на мітынг на Пушкінскай, дзе ўжо быў мемарыял забітаму Аляксандру Тарайкоўскаму».

«Пасля вызвалення ездзіў у суд па пастанову, дзе напісанае мае пакаранне. Адвакат падаў скаргу на гэтую пастанову. Гэтыя фармальнасці мне патрэбныя, каб пасля, калі ўсе завершыцца, у мяне былі дакументы, і я патрабаваў справядлівасці згодна закону, калі ён пачне працаваць. Але цяпер мы жывем у краіне, дзе вязні Акрэсціна падаюць скаргі ў Следчы камітэт на міліцэйскае беззаконне, а на іх заводзяць крымінальныя справы…»

«У мяне былі надзеі, што мы зменім уладу за тыдзень, але цяпер я разумею, што, магчыма, гэта працягнецца не адзін месяц. Калі б ні Расея з іх падобным рэжымам, якая можа бясконца даваць нам датацыі, Лукашэнкі даўно б не было».

Hавiны
Аўтарка праграмы «Зона Ікс»: былы прэзідэнт ваюе з уласным народам
2020.08.28 13:49

За час пратэстаў, паводле МУС, затрымалі каля 7000 асобаў.

  • 10 жніўня ў Менску загінуў 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі, якога, паводле відэакрыніц, застрэлілі на месцы. Афіцыйна ў МУС заяўлялі, што ў яго руках выбухнуў невядомы прадмет.
  • У Гомлі 11 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога затрымалі 9 жніўня. Афіцыйна прычына смерці высвятляецца.
  • 16 жніўня загінуў 19-гадовы Арцём Парукаў, афіцыйна яго збіла аўта на Партызанскім праспекце.
  • 19 жніўня ў вайсковым шпіталі Менску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.
  • У Ваўкавыску знайшлі цела 29-гадовага Канстанціна Шышмакова. Сябра ўчастковае камісіі, ён адмовіўся падпісваць выніковы пратакол. З ім развіталіся 20 жніўня, родныя адмовіліся каментаваць смерць журналістам. Прычыны смерці пакуль невядомыя.
  • Мікіта Крыўцоў стаўся шостым актывістам, які загінуў у Беларусі з пачатку пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Ён знік 12 жніўня. Паводле сваякоў, раніцай гэтага дня ён паехаў на працу ў пасёлак Каралёў Стан пад Менскам. Цела Мікіты Крыўцова знайшлі 22 жніўня ў лесапаласе ў межах Менску.

НА belsat.eu

Стужка навінаў