Па кім Лукашэнка пагражае ўдарыць контрсанкцыямі?


Незаконны кіраўнік Беларусі абрынуўся на Захад з чарговымі пагрозамі – рашуча адказаць на ўведзеныя адносна шэрагу прадпрыемстваў санкцыі. Пры гэтым і Расеяй ён таксама не задаволены. Адзіны прамень святла для дыктатара – хакейны чэмпіянат свету ў Беларусі. І той, мякка кажучы, пад вялікім пытаннем, хоць Лукашэнка асабіста з абдымкамі прымаў кіраўніка міжнароднай федэрацыі гэтага віду спорту. Пра пагрозы ды іншыя спробы выправіць імідж чалавека, што называе сябе прэзідэнтам Беларусі, распавядзе Усевалад Шлыкаў.

«Вось мы ім зараз пакажам, што такое санкцыі!» – грымеў Аляксандр Лукашэнка яшчэ 28 жніўня. Тады граміць еўрапейскую эканоміку Беларусь мелася, закрыўшы свае межы на транзіт тавараў. Потым былі неаднаразовыя пагрозы перанакіраваць грузы з літоўскіх партоў у расейскія – у Клайпедзе нават занепакоенасці не выказваюць. Цяпер – новы план. Ударым па заходніх інвестарах!

Hавiны
Лукашэнка пра санкцыі: Мы мусім навучыцца супрацьстаяць гэтаму. Клінам свет на Еўразвязе не сышоўся
2021.01.15 11:48

«Яны ўвялі супраць нашых прадпрыемстваў санкцыі, мы павінныя паглядзець, якія краіны гэта зрабілі, і мы павінныя адпаведным чынам адрэагаваць. Калі яны зрабілі крокі ў няправільным кірунку, пачынаюць нас нахіляць, то мы павінныя сіметрычна адказаць. Не трэба баяцца, трэба ўжо ім паказваць зубы», – заявіў Лукашэнка 12 студзеня 2021 г.

Калі больш канкрэтна, то Лукашэнка казаў пра замежныя прадпрыемствы, якія працуюць у Беларусі. Ідэя ўдарыць па тых, хто ўкладае грошы ў айчынную эканоміку, не новая. У лістападзе кіраўнік беларускай дыпламатыі пагражаў у прынцыпе тым жа. І што ж цяпер? Еўрапейцы рыхтуюцца да магутнага ўдару?

Марыя Акулава, эканамістка, Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC:

«Можа быць нейкі шэраг паказальных працэсаў па выгнанні бізнесаў з краіны, але ўжо сёння, як паказваюць крыніцы з іншых краінаў, шэраг беларускіх прадпрыемстваў зацікаўлены рэлакацыяй і вывадам свайго капіталу адсюль».

Гэтак, толькі пра пераезд у Літву вядуць перамовы больш як 60 кампаніяў – гаворка перадусім пра лідараў у айчыннай ІТ-галіне. Дык каму адпомсцяць контрсанкцыямі?

Паспяховаму заводу «Штадлер» у Фаніпалі? Ці, можа, удараць па еўрапейскіх кампаніях, якіх гэтак доўга намагаліся ўгаварыць далучыцца да індустрыяльнага парку «Вялікі камень»? Ці ёсць варыянты хоць неяк адпомсціць еўрапейцам?

Марыя Акулава:

«Мы, вядома, можам сказаць, што перастанем экспартаваць нафтапрадукты, што скажацца на нас саміх. Мы можам пагражаць тым, што перастанем праводзіць транзіт праз літоўскія парты, што нам дасць болей стратаў».

Але акрамя пагрозаў гучаць загады і падтрымаць тыя прадпрыемствы, што апынуліся пад санкцыямі. Натуральна, за кошт падаткаплатнікаў. Гэта таксама не найлепшае выйсце, мяркуюць эканамісты.

Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнту Мізэса:

«Усё прывядзе да таго, што, напрыклад, толькі выключна свае кампаніі будуць займацца імпартам. А калі… чым менш людзей займаецца нейкай дзейнасцю, тым большыя цэны».

Беларусь лукашэнкаўскае эпохі проста не мае ніякіх рэсурсаў, каб адказаць на вонкавы эканамічны ціск. Нават у іміджавым інтэрв’ю, а хутчэй фільме аўтарства працаўніцы тэлеканалу «Россия-1» Наілі Аскер-задэ, Лукашэнка размову пра адносіны з, як сам кажа, адзіным сябрам пачынае са скаргі.

Наіля Аскер-задэ:

«То бок вы не задаволеныя ўмовамі ўгоды пра газ? Бо кошт жа, па-мойму, не 130, а меншы?»

Аляксандр Лукашэнка адказвае:

«128,5! Гэта я так акругляю. Думаю, што гэтая цана ва ўмовах нашых адносінаў магла б быць больш… справядлівай».

Блізкая сяброўка аднаго з галоўных расейскіх банкіраў Андрэя Косціна задала лагічнае пытанне: маўляў, калі вы з Пуціным такія сябры, то чаму ж не пагаворыце пра газ?

Лукашэнка не міргнуўшы вокам заявіў: яшчэ не размаўлялі. Насамрэч гэтая спрэчка толькі трохі маладзейшая за іхнае заклятае сяброўства. Да прыкладу:

06 студзеня 2018 г. Лукашэнка заявіў:

«Мы маем горшыя ўмовы, чымся Нямеччына. Я ўжо пра гэта не аднойчы казаў, нібыта ж супраць Нямеччыны ваявалі разам, а нашыя людзі, яшчэ не памерлыя пасля вайны, маюць такую сітуацыю. Яны маюць 200 долараў, а мы 130, бо туды яшчэ пампаваць трэба!»

Сёння старыя спрэчкі, відаць, намагаюцца забыць, але ёсць і новыя. Найлепшы сябар Лукашэнку падтрымлівае, але і паволі выштурхоўвае за дзверы.

Андрэй Ягораў, палітолаг:

«Лукашэнка вельмі баіцца нейкіх палітычных крокаў па змене Канстытуцыі зараз у сітуацыі такой палітычнай турбулентнасці. І з аднаго боку яго да гэтага прымушае Расея, з іншага боку сама ўлада намагаецца выкарыстаць нейкі працэс дыялогу пра Канстытуцыю».

Hавiны
Латушка: 2700 удзельнікаў Усебеларускага сходу будуць уключаныя ў санкцыйныя спісы
2021.01.09 22:44

Той дыялог вядзецца на беларускіх вуліцах са дня прэзідэнцкіх выбараў. Галоўная задача ўладаў цяпер – канчаткова прыдушыць вулічную актыўнасць да дня «Д», калі ўсё ж давядзецца прымаць нейкія рашэнні. І не раней за мясцовыя выбары, што пройдуць 18 студзеня налета.

Андрэй Ягораў, палітолаг:

«У наступным годзе нас можа чакаць рэферэндум аб зменах у Канстытуцыі, калі сапраўды ўлады пойдуць на гэта, і гэта будзе той сітуацыяй, калі адбудзецца палітычная мабілізацыя».

У сітуацыі, калі вуліца можа ажыць – дай толькі нагоду, – кожны сябар у Лукашэнкі на вагу золата. Бо вось у панядзелак прыехаў старшыня Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазэль. Паразмаўлялі пра хіба ўжо непазбежны перанос сёлетняга сусветнага першынства з Беларусі, і на наступны дзень спадар Фазэль просіць прабачэння. Кажа: не ведаў, што ягоныя цёплыя абдымкі і фота з меркаваным удзельнікам забойства Рамана Бандарэнкі і па сумяшчальніцтве кіраўніком Федэрацыі хакею Беларусі, Дзмітрыем Баскавым, дзесьці апублікуюць. Непрыемна выйшла, асабліва калі чуеш пра тое, як у федэрацыі хакею прымаюцца рашэнні.

Hавiны
«Плюсы будуць пры любым рашэнні». Хакейныя фанаты – пра тое, ці трэба пераносіць ЧС па хакеі
2021.01.16 10:30

Падчас спаткання Аляксандр Лукашэнка заявіў Рэнэ Фазэлю: «Калі б не твая асабістая пазіцыя – мы б ніколі не атрымалі гэтага чэмпіянату свету».

Што б Лукашэнка ні казаў, але хакейны чэмпіянат яму неабходны. Яму патрэбная падзея, падчас якой ён бы мог выправіць свой імідж перад замежнікамі. Настолькі, што Генпракуратура нават гатовая падзяліцца з міжнароднай федэрацыяй вынікамі правярання па факце забойства Рамана Бандарэнкі. Ні сямʼі забітага, ні беларусам такой інфармацыі не адкрываюць.

Сюжэт з праграмы «Прасвет» 14 студзеня 2021 г.

Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Стужка навінаў