Па 10 содняў. Працяг судоў за ўдзел у акцыях у Магілёве

12 траўня ў судах Магілёва працягваецца разгляд адміністрацыйных справаў паводле артыкула 23.34 КаАП – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Судзяць журналістаў і грамадскіх актывістаў, большасць з іх – за ўдзел у сустрэчы з блогерамі з каманды «Краіна для жыцця» 5 траўня на Віцебскім праспекце ў Магілёве. Асобных – за сустрэчу з блогерамі ў той жа дзень ля ГЦ «ГІПА» і за тое, што сабраліся пад Магілёўскім ІЧУ пасля затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага.

Разгляд справы праваабаронцы і журналіста Аляксандра Буракова распачаўся ў судзе Ленінскага раёну яшчэ 11 траўня. Буракоў па просьбе намесніка начальніка Магілёўскага РАУС забраў двух кіроўцаў блогера Сяргея Ціханоўскага разам з іх рэчамі і павёз пад ІЧУ, а пасля дадому. Праваабаронцу інкрымінуюць «2 хвіліны актыўнага ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». За гэта Аляксандру Буракову 12 траўня суддзя суду Ленінскага раёну Магілёва Вікторыя Палякова прысудзіла 10 содняў. Перад ад’ездам у ІЧУ Аляксандр паспеў напісаць скаргу на суддзю, у якой адзначыў, што з выракам не згодзен.

Аляксандр Буракоў. Фота: Belsat.eu

Справу каардынатара кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэя Бодзілева паводле арт. 23.34 КаАП разглядае суддзя суду Кастрычніцкага раёну Дзяніс Кічыгін. Андрэй знаходзіўся ў ІЧУ з 9 траўня, яго забралі за ўдзел у сустрэчы аўтадома «Краіны для жыцця» 5 траўня на Віцебскім праспекце ў Магілёве.

«Мяне абвінавачваюць у тым, што я здымаў сустрэчу на тэлефон. Мне цікава, што за парушэнне такое – здымаць на мабільны тэлефон. Думаю, што ўлада баіцца, што людзі пачалі выказваць сваю незадаволенасць. Таму распачаліся рэпрэсіі і запужванне народа», – сказаў Андрэй Бодзілеў пад кабінетам суддзі.

Андрэй Бодзілеў прасіў не даваць яму содні, бо ўдома ў яго хворая маці і яму трэба яе даглядаць. Але пры гэтым судовага выраку Андрэй чакаў, падрыхтаваны да вяртання ў ізалятар. Бодзілеву перадалі пакет з ежай, вадой і сродкамі асабістай гігіены. Суддзя Дзяніс Кічыгін прысудзіў Бодзілеву 7 содняў адміністрацыйнага арышту.

Андрэй Бодзілеў. Фота: Belsat.eu

12 траўня ў судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва разглядаюць справу і пазаштатнага карэспандэнта «БелаПАН» Алеся Асіпцова. Яго затрымалі ў Бабруйску, калі ён асвятляў «антыпарад». Алесь Асіпцоў усе тры дні ў ізалятары трымаў галадоўку. На судзе ён першапачаткова адмовіўся ад адваката. Яго справу разглядае суддзя Наталля Ясенка.

Пазаштатны карэспандэнт «БелаПАНу» Алесь Асіпцоў. Фота: Belsat.eu

«Галадоўку я абвесціў на знак пратэсту супраць незаконнага затрымання, бо я выконваў свае прафесійныя абавязкі. Таксама галадоўку аб’явіў, каб звярнуць увагу на адміністрацыйны пераслед журналістаў-фрылансераў, і каб абараніць свой чалавечы, прафесійны гонар, а таксама права на існаванне ў Магілёве незалежнай журналістыцы», – сказаў Асіпцоў.

Пазаштатнаму карэспандэнту «БелаПАН» Алесю Асіпцову, якога ў судзе абараняў адвакат з Менску, суддзя суду Кастрычніцкага раёну Магілёва Наталля Ясенка 12 траўня прысудзіла 10 содняў.

Алесь Асіпцоў. Фота: Belsat.eu

Усе справы супраць актывістаў і журналістаў аб’ядноўвае тое, што ім інкрымінуюць «актыўны ўдзел у несанкцыянаваных акцыях», хаця журналісты выконвалі свае прафесійныя абавязкі, а актывісты проста засвяціліся на відэа.

У судзе Ленінскага раёну 12 траўня а 16:00 мусіць разглядацца яшчэ адна справа за ўдзел у акцыі – аператара і блогера Міхаіла Аршынскага. Яму 11 траўня ўжо далі 10 содняў, але сёння будуць судзіць ужо за другую акцыю.

Міхаіл Аршынскі. Фота: Belsat.eu

Вольга Васільева Belsat.eu

Hавiны