«П’яныя супрацоўнікі не кормяць кароваў». У Жлобінскім раёне масава паміраюць цяляты?


«П’яныя супрацоўнікі не кормяць кароваў». У Жлобінскім раёне масава паміраюць цяляты?

«Мы не ў курсе», – сказаў мясцовы выканкам. Кіраўніцтва фермы на нашыя пытанні адказала, што нічога не ведае пра мор жывёлы.Мы паехалі ў вёску Дабрагошча і паразмаўлялі з супрацоўнікамі фермы.Увага! Жорсткія здымкі.

Opublikowany przez «Белсат» Środa, 10 lipca 2019

Інтэрнэт-карыстальнікі паведамілі, што ў вёсцы Дабрагошча Жлобінскага раёну на ферме прадпрыемства «Мормаль» масава гінуць жывёлы. Belsat.eu высветліў падрабязнасці.

Жыхар Дабрагошчы паведаміў тэлеграм-каналу NEXTA, што супрацоўнікі ААТ п’яныя штодня, не кормяць кароваў і нават не прыбіраюць трупы.

«Кармы з фермы яны проста крадуць і прадаюць, за гэтыя грошы і пʼюць. А каровы масава мруць ад голаду. Неаднаразова прыязджала міліцыя – з тым самым «кантролем сельгаспрадпрыемстваў». І парушэнняў «не знайшла», – кажа відавочца.

Мор цялятаў у вёсцы Дабрагошча. Фота: тэлеграм-канал NEXTA

Карэспандэнты Belsat.eu з’ездзілі на ферму, каб на свае вочы пабачыць, што там адбываецца, і паразмаўляць з працаўнікамі.

«Дохнуць, таму што кармоў не кладуць, не пояць. Заробку няма, таму людзі і крадуць. Ведаеце, у нас на рабоце ляжыць карова ўжо сёмы дзень. Парвала звязкі. Ляжыць і нікому яна непатрэбная. Ёй падсунуць ежы, яна ўжо так… І солі там у іх няма. Адна пасцыць, другая мачу пʼе. Там бруду столькі, лайна столькі», – адзначае працаўніца ААТ «Мормаль», якая папрасіла не называць яе імя.

Фота: belsat.eu

Яшчэ адзін з працаўнікоў ААТ «Мормаль» кажа:

«Кіраўніцтва такое кепскае. Заробак нармальна не плоціць. Абяцаюць адно, а робяць іншае. Цяляты дохнуць, валяюцца ў брудзе. Утойваюць іх у цялятніку. Іх нармальна ніхто не корміць. Дохнуць, таму што іх няма чым карміць. Прыязджаеш на працу, ляжыць карова дохлая. Сёння кароў выцягвалі з комплексу. Як жаба валяецца. Пяты дзень ляжыць жывёла, ніхто не поіць».

Фота: belsat.eu

Усе супрацоўнікі распавядаюць журналістам пра праблемы выключна ананімна. Просяць не фатаграфаваць, не называць імёнаў – бо баяцца страціць працу. Запісы ўсіх размоваў ёсць у рэдакцыі.

«У нас праблема яшчэ з малаком. Малака няма. Сам кіраўнік нават прымушае наліваць ваду, каб малака больш было. Трэці дзень ужо. Няма малака. Па дакументах перакрываюць, кшталту ўсё нармальна. Павінны былі зерне даць, зерня няма, сена няма».

Фота: belsat.eu

Выканкам «не ў курсе»

На прадпрыемстве і ў Дабрагошчанскім сельскім выканкаме на нашыя пытанні адказалі, што нічога не ведаюць пра мор жывёлы.

«Я не ў курсе», – адзначыла кіраўніца справамі выканкаму Наталля Ямельяненка.

Мор цялятаў у вёсцы Дабрагошча. Фота: тэлеграм-канал NEXTA

Аграном прадпрыемства прызнаў, што выпадкі смерці цялятаў на ферме бываюць – «не без гэтага». Але, паводле яго словаў, масавага мору не было:

«Адзін ці два за два тыдні».

Звязацца з дырэктарам прадпрыемства не атрымалася – ягоны працоўны тэлефон быў заняты цэлы дзень. Не паднялі слухаўку і ў Камітэце сельскай гаспадаркі і харчавання Гомельскага аблыканкаму.

Гаспадарка «Зарэчча». З голаду гінуць тысячы свіней. УВАГА! Жорсткія кадры

МГ, МБ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары