П'яны пляменнік у Смаргоні забіў дзядзьку, робячы яму штучнае дыханне


Недарэчная і трагічная гісторыя здарылася ў Смаргоні – пляменнік неспадзявана нанёс смяротныя траўмы свайму дзядзьку, спрабуючы яго рэанімаваць.

«З вечара пляменнік разам з дзядзькам распівалі ў бытавым вагончыку на прыватным падворку спіртныя напоі, – распавялі ва Упраўленні ўнутраных справаў Гарадзенскага аблвыканкаму. – Праз пару гадзін распівання яны заснулі. Ноччу больш маладому сваяку захацелася выйсці па патрэбе, і ў цемры пры выхадзе з вагончыка ён выпадкова наступіў на дзядзьку, які ляжаў на падлозе. Вярнуўшыся, паспрабаваў яго абудзіць, але беспаспяхова».

Нецвярозаму мужчыну падалося, што сваяку дрэнна. Спалохаўшыся, ён патэлефанаваў сваёй жонцы з пытаннем: «Што рабіць?» Сужонка параіла зрабіць штучнае дыханне.

«На сённяшні дзень высветлена, што пляменнік, чалавек буйнога целаскладу, спрабаваў адкачаць дзядзьку настолькі няправільна, што ў працэсе рэанімацыі зламаў яму грудзіну і рэбры, а таксама прычыніў іншыя пашкоджанні, – распавёў начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Смаргонскага РАУС Дзяніс Рогач. – Ад тупой траўмы грудной клеткі і жывата няшчасны памёр на месцы. Крымінальная справа ўзбуджаная паводле часткі 3 артыкулу 147 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацярпелага».

У абласным упраўленні міліцыі заўважаюць: не выключана, што пры выяўленні дадатковых абставінаў і дасканалай праверцы фактаў магчымая кваліфікацыя дзеянняў падазраванага паводле іншага артыкулу Крымінальнага кодэксу.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў