П’яны падрабіў даведку, каб патрапіць на працу


Следчы камітэт скончыў папярэдняе расследаванне крымінальнае справы, распачатай у снежні 2018 года супраць жыхара Мазыра, які прыйшоў на працу нецвярозым, а потым падрабіў даведку ад лекара. Зараз яго чакае суд.

Арганізацыя, у якой працаваў мазыранін, выконвала працу на адным з прамысловых аб’ектаў Мазыру. Працаўнікі штодня праходзілі кантроль на прахадной на наяўнасць у арганізме алкаголю.

У адну са снежаньскіх раніц ахова не дапусціла да працы 34-гадовага мужчыну, адправіўшы яго на медычны агляд, падае тэлеканал «Мазыр».

Медыкі падазрэнні аховы пацвердзілі. Пасля гэтага мужчына вырашыў падрабіць акт медычнага агляду. Падабраўшы колер стрыжня і нават падрабіўшы почырк, ён напісаў у даведцы, што «стан алкагольнага ап’янення адсутнічае».

Пасля таго, як злачынства было выкрытае, мужчыну звольнілі, а Мазырскі раённы аддзел Следчага камітэту распачаў крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 380 Крымінальнага кодэксу. Яму пагражае да двух гадоў зняволення.

ДД; фота анонсу – Вячаслаў Пракофьеў/ТАСС/Forum

Глядзі таксама
Каментары