П'яны настаўнік матэматыкі паламаў каток


Відавочцы паведамілі ў міліцыю, што па вуліцы Кіжаватава ў Менску невядомы пʼяны малады чалавек пашкодзіў тэхніку, якая знаходзілася на будаўнічай пляцоўцы каля жылога дому. Хуліганам апынуўся настаўнік матэматыкі адной са школ сталіцы, які вяртаўся дадому пасля сустрэчы з сябрамі, паведамляе ГУУС Менгарвыканкаму.

Малады чалавек адчыніў дзверы незачыненае дарожнага катка, залез у кабіну кіроўцы і паспрабаваў уключыць святло, дворнікі, завесці машыну. Як высветлілася, гэта яму не ўдалося, бо ключ, які знаходзіўся ў замку запальвання, ён зламаў і схаваў у сваю кішэню. Пасля няўдалай спробы зʼехаць на катку, хлопец разбіў каменем шкло грэйдара, які стаяў побач. Па «гарачых слядах» зламысніка затрымалі.

Падчас медычнага агляду ў крыві маладога чалавека было выяўлена больш за 2 праміле алкаголю. Затрыманы растлумачыў, што адпачываў з сябрамі, ужываў алкаголь, а пасля накіраваўся дадому. Як высветлілася, 26-гадовы жыхар сталіцы працуе настаўнікам матэматыкі ў адной са сталічных школ, раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Падазраваны сваю віну прызнаў.

Матэрыялы гэтай справы перададзеныя ў Кастрычніцкі (гораду Менску) раённы аддзел Следчага камітэту для дачы прававой ацэнкі дзеянням фігуранта.

Супрацоўнікі міліцыі нагадваюць, што знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці – караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

«Тым, хто здзейсніць хуліганскія дзеянні паўторна або групай асобаў можа пагражаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў», – адзначыў начальнік аддзелу крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РУУС Менску падпалкоўнік міліцыі Канстанцін Блажэй.

Hавiны
У Горадні нецвярозы бяздомны скраў аўтамабіль
2019.05.13 14:50

СК belsat.eu

Стужка навінаў