П'яны мянчук кідаўся слоікам з агуркамі ды пабіў чужы аўтамабіль


У Менску высветлілі асобу чалавека, які пабіў лабавое шкло ў чужым аўтамабілі. Пра гэта паведамілі ў ГУУС Менскага гарвыканкаму.

Пашкоджаны аўтамабіль у Менску.
Фота: minsk.mvd.gov.by

Уласнік «Audi» паведаміў праваахоўнікам, што ў ягонай машыны пабітае лабавое шкло. Аўтамабіль быў прыпаркаваны на стаянцы каля жылога дому па вуліцы Шугаева.

Міліцыянты высветлілі, што машыну пашкодзіў 21-гадовы непрацуючы жыхар сталіцы, які пражывае ў адным доме з гаспадаром пашкоджанага аўтамабіля. У выходны дзень ён з сябрамі ўжываў алкаголь, а пасля вырашыў паказаць ім сваю сілу ды паспрабаваў выкінуць слоік з агуркамі з акна як мага далей.

Слоік зваліўся на прыпаркаваны аўтамабіль і пабіў лабавое шкло. Шкода ацэньваецца ў 2000 рублёў.

Падобны выпадак здарыўся ўвечары 7 студзеня ў Горадні, дзе прадметам, выкінутым з акна шматпавярхоўкі, таксама быў пашкоджаны аўтамабіль. «Opel» быў прыпаркаваны ў двары жылога дому па вуліцы Брыкеля.

Шкло ад пабітай бутэлькі ў Горадні.
Фота: grodno.mvd.gov.by

Выявілася, што бутэльку з акна выкінула пенсіянерка 1948 года нараджэння. Бутэлька ўпала каля машыны, пабілася аб асфальт, пашкодзіўшы асколкамі лакафарбавае пакрыццё аўтамабіля. Шкода ацэненая ў 300 рублёў.

У абодвух выпадках машыны стаялі без парушэнняў правілаў дарожнага руху.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў