П’яны мужчына намагаўся адабраць у міліцыянта зброю і пагражаў забойствам


У гарадскім пасёлку Поразава, што на Гарадзеншчыне, цягам дня мужчына злоўжываў алкаголем, а ўжо пад вечар стаў сябе агрэсіўна паводзіць. Ён напаў на сваю сужыцельку, якую раней неаднаразова душыў і пагражаў смерцю.

Жанчына здолела збегчы і звярнуцца па дапамогу да ўчастковага інспектара. Ён схаваў яе ў сябе ўдома, выклікаў праваахоўнікаў, якім і перадаў жанчыну.

Праз некалькі гадзінаў да дому ўчастковага прыйшоў пʼяны мужчына, каб зладзіць разборкі. Ён размахваў нажом, пагражаў участковаму забойствам і патрабаваў аддаць яму табельную зброю, патроны і ключы ад міліцэйскай машыны.

Міліцыянт запрасіў мужчыну ў хату, каб аддаць усё, што ён патрабуе. Зламыснік не ведаў, што ў хаце на яго ўжо чакае яшчэ адзін міліцыянт, які быў у гасцях у ўчастковага. Як толькі дэбашыр зайшоў, яго адразу скруцілі і закавалі ў кайданкі.

Раніцай падазраваны пачаў запэўніваць праваахоўнікаў, што ўсё гэта было толькі жартам. Міліцыянты жарт не ацанілі і завялі крымінальную справу за разбой. Мужчына можа атрымаць да 15 гадоў зняволення. А ў тых месцах, куды яго могуць адправіць таксама не да жартаў.

ГА, belsat.eu паводле uvd.grodno.by

Глядзі таксама
Каментары