Офіс Ціханоўскай назваў сем кірункаў эканамічнага ціску на ўлады


Гэта ўнутраныя санкцыі і замарозка міжнароднага супрацоўніцтва.

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканоміцы Алесь Аляхновіч на сумеснай з Нацыянальным антыкрызісным упраўленнем Паўла Латушкі прэс-канферэнцыі прэзентаваў сем напрамкаў эканамічнага ціску на ўлады, па якіх ужо ідзе праца.

Святлана Ціханоўская ў замежжы.
Фота: prezident.sveta / instagram

1. Унутраныя санкцыі. Абмежаванне самімі беларусамі пакупак тавараў і паслуг кампаній, у якіх адбываюцца рэпрэсіі і якія падтрымліваюць рэжым. Яшчэ адзін напрамак – абмежаванне плацяжоў у дзяржбюджэт, у тым ліку падаткаў і пакупак галоўных падакцызных тавараў – алкаголю і цыгарэт.

2. Расследаванне і абмежаванне карупцыйных схем паставак тавараў з Беларусі прыватнымі кампаніямі, набліжанымі да рэжыму. Гаворка пра санкцыі ЕС і ЗША супраць «кашалькоў» рэжыму.

3. Замарозка міжнароднага супрацоўніцтва з дзяржсектарам. Размова аб прыпыненні адносін з рэжымам з боку ЕБРР, МВФ, ЕІБ, Сусветнага банка на карысць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

4. Спыненне міжнароднага супрацоўніцтва і фінансавання для беларускіх дзяржбанкаў.

5. Закрыццё міжнародных фінансавых рынкаў для эмісіі новых дзяржаблігацый. Інфармаванне міжнароднай супольнасці аб тым, як рэжым парушае асноўныя эканамічныя правы беларусаў. Запуск абмеркавання перагляду выплаты дзяржаблігацый, выпушчаных рэжымам пасля 9 жніўня 2020 года.

6. Абмежаванне экспарту ключавых дзяржпрадпрыемстваў.

7. Спыненне замежных інвестыцый і з боку прадпрыемстваў, і з боку іншых дзяржаў.

– Калі гэтыя механізмы не спрацуюць, а рэпрэсіі будуць працягвацца, можа быць прыменена адключэнне дзяржбанкаў Беларусі ад сістэмы SWIFT. Гэта самы радыкальны від санкцый, таму ў гэтым пытанні офіс Святланы Ціханоўскай лічыў неабходным правесці апытанне народнай думкі, – адзначыў Алесь Аляхновіч.

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў