OCCRP: багацце сяброў Пуціна складае 24 млрд. USD


Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) паведамляе, што сумарнае багацце людзей, якія ўваходзяць у так званы «асабісты круг» прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, складае 24 мільярды долараў.

На думку аўтараў расследавання з OCCRP, Пуцін запісвае свае актывы на людзей, якія часам самі не ведаюць, якімі багаццямі валодаюць зарэгістраваныя на іх імя кампаніі. Двое такіх «намінальшчыкаў», якіх яшчэ часта называюць «кашалькамі Пуціна», – віяланчэліст Сяргей Ролдугін і сябар дзяцінства Пуціна Пётр Колбін. У новым расследаванні асобная роля адведзена яшчэ аднаму такому чалавеку – Міхаілу Шэломаву, сыну стрыечнай сястры Пуціна Любові Шэломавай.

Аўтары дакладу OCCRP таксама ўключылі ў «асабісты круг» расейскага лідэра іншых яго сваякоў і буйных бізнесоўцаў, якіх у сродках масавай інфармацыі неаднаразова называлі «сябрамі Пуціна». У спіс, у прыватнасці, увайшлі Мікалай і Юры Шамалавы, Ігар, Раман і Міхаіл Пуціны, а таксама Барыс і Аркадзь Ратэнбергі. У расследаванні падкрэсліваецца, што найбольш паспяховыя бізнэсы прадпрымальнікаў з «асабістага круга» звязаныя з буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, у тым ліку нафтагазавымі.

«Я не ведаю, што яшчэ можа быць, якія прозвішчы могуць выявіцца, і якія актывы ў гэтых людзей, пра якія мы яшчэ не ведаем. Я думаю, што ў бліжэйшы час знойдзецца нешта новае. Акрамя таго, там жа ўсё ў дынаміцы: некаторыя сябры становяцца сваякамі, як гэта здарылася з Кірылам Шамалавым. Сын прэзідэнцкага сябра стаў мужам дачкі Уладзіміра Пуціна, і тут жа ў яго ўтварылася багацце, дзякуючы таму, што яму спачатку далі крэдыт, а потым пад гэты крэдыт далі долю ў адной з найбуйнейшых хімічных кампаній у Расеі. Прадаўшы гэтую долю, ён стаў доларавых мільянерам», – распавеў расейскай службе Радыё Свабода рэгіаянальны дырэктар OCCRP Раман Шляйноў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў