Оўбама падаў дэкларацыю: у Амерыцы ёсць і багацейшыя


Амерыканскі прэзідэнт у мінулым годзе напрацаваў на $ 477 тысяч. Колькі зарабіў Аляксандр Лукашэнка – невядома. 

Між тым сумарны даход сям’і Оўбамы складае ад $ 1,9 да $ 6,9 млн. У якасці федэральных падаткаў са сваіх даходаў прэзідэнцкая пара выплаціла $ 93 тысячы. Такія дадзеныя прадстаўлены ў дэкларацыі, апублікаванай на афіцыйным сайце Белага дому.

Галоўная доля актываў – гэта каштоўныя паперы. Іншы сродкі захоўваюцца ў пенсійных фондах і на бягучых рахунках, уключаючы ашчадны для аплаты навучання дачок прэзідэнта. 130 тысяч долараў Оўбама зарабіў на продажы сваёй кнігі. Да таго ж сям’я кіраўніка Белага дому разлічваецца за іпатэчны дом у Чыкага, які ацэньваецца ў суму ад $ 500 тысяч да $ 1 мільёна.

Каля 14,8 % свайго даходу Оўбамы ахвяравалі на дабрачыннасць, самае буйное з якіх ($ 22 тысячы) было пералічана ў фонд Fisher House. Арганізацыя займаецца аказаннем спецыялізаванай медыцынскай дапамогі амерыканскім вайскоўцам і членам іх сем’яў.

У Беларусі «не этычна» лічыць грошы чыноўнікаў

Беларускія ж чыноўнікі сваіх дэкларацый не публікуюць.

У красавіку сёлета ўступіў у сілу новы закон «Аб барацьбе з карупцыяй». Грамадскае абмеркавання законапраекта праводзілася са жніўня па снежань 2014 года.

Аднак паводле генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка, неабходнасці публікаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці чыноўнікаў няма.

«Навошта гэта рабіць? Задавальняць абывацельскую цікавасць пра тое, у каго што ёсць? Я лічу, што гэта не зусім этычна» – сказаў ў інтэрв’ю kp.by беларускі генпракурор.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў