Няскораныя студэнты, непахісныя медыкі і жорсткія звароты да Лукашэнкі. Ідзе 81-ы дзень пратэстаў


Медыкі зноў сталі ў ланцугі салідарнасці, амбасадар Беларусі ў Аргенціне адклікаў заяву аб адстаўцы, але напісаў новую, больш катэгарычную. Улады ж дзейнічаюць па-ранейшаму: рэпрэсуюць нязгодных. «Белсат» назірае за 81-м днём супраціву ў краіне.

15.10 Менск. Галоўныя героі 28 кастрычніка, напэўна, студэнты. Чарговая акцыя салідарнасці, цяпер ФФСН (факультэта філасофіі і сацыяльных навук) і журфаку БДУ.

14:20 Горадня. Прафесар Алесь Краўцэвіч – на свабодзе пасля 72 гадзін за кратамі. Яму прысудзілі 10 базавых.

Менск. Вышэйшыя навучальныя ўстановы працягваюць пратэсты і акцыі салідарнасці.

У няскораным МДЛУ у актавай зале студэнты і выкладчыкі абмяркоўваюць сітуацыю і далейшыя дзеянні.

У БДТУ ціхары затрымалі студэнта 4 курса. Пазней яго адпусцілі, праверыўшы тэлефон і чамусьці залікоўку.

Каля рэктарату Акадэміі мастацтваў адбываецца акцыя салідарнасці з адлічанымі ўчора трыма студэнтамі.

У МІТСО сядзячая забастоўка студэнтаў, якую спрабуюць разагнаць.



14:00 Менск. Работніка «Атланту», які пратэставаў на трубе, знялі і перадалі міліцыі. Усіх, хто спачуваў, паводле сведак, разганяюць.

12:35 Навучальныя ўстановы. На ФПМІ ў галоўным корпусе БДУ працягваюцца забастоўкі студэнтаў. Навучэнцы выходзяць з аўдыторыў пасля таго, як адказны праверыць адсутных. Студэнты паведамляюць, што, калі на адным з патокаў людзей пачалі правяраць, на кожнае прозвішча ў знак салідарнасці рукі адначасова падымала палова патоку.

Студэнты Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту працягваюць пратэст.

Віцебскія студэнты запісалі зварот да ўладаў. «Шматлікія студэнты сутыкаюцца з ціскам з боку адміністрацыі ВНУ за мірнае праяўленне свайго меркавання. Адбываецца гэта па-рознаму: АМАПам, затрыманнямі, пагрозамі нядопуску да іспытаў і залікаў. У такіх умовах немагчыма нармальна развівацца».



За канфлікт з дэканам падчас пратэстаў 26 кастрычніка супраць аднаго са студэнтаў БДУІР пачалі крымінальную справу за абразу выкладчыка.

Студэнтам БДУІР, якія страйкуюць жыхары ЖК «Аркадыя» і ПВТ даслалі піцу і цукеркі.

12:05. Адзіночная акцыя супраціву на «Атланце». Рабочы заводу Віктар Манкевіч запісаў адважны відэазварот да Лукашэнкі.



«Вы павінны абвесціць пра свой сыход, вы павінны спыніць гвалт, вы павінны вызваліць усіх палітычных вязняў. Не разбурайце нашае краіны! Калі ў вас ёсць нешта чалавечае, калі вы сапраўды дзесьці перажываеце за Беларусь, – ідзіце, ідзіце цяпер, пакуль не позна!»

Разам з тым, нехта ўжо працяглы час размахвае бел-чырвона-белым сцягам на трубе заводу.

11:15 Менск. За надпіс «Не забудзем» на Пушкінскай на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага двух чалавек абвінавачваюць паводле крымінальных артыкулаў. Ім пагражае да 10 гадоў. Кожны дзень прыносіць навіны, у якія немагчыма паверыць. Падрабязнасці паведамляе TUT.BY.

Кветкі на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, вуліца Пушкінская, Менск.
Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

10:50 Мазыр. Там у будынак ДАІ невядомыя закінулі бутэльку з кактэйлем Молатава. Пацярпелых няма. Памяшканне, дзе адбыўся пажар, чамусьці амаль пустое. Пачатая крымінальная справа паводле ч.3 арт.339 КК (асабліва злоснае хуліганства).

10:40 «Горадня Азот». Галоўнае на раніцу 28 кастрычніка:

  • Па-ранейшаму супраціўляецца «Аміяк-3». Там не прынялі начное змены, і ноччу працавалі начальства ды іншыя азотаўцы. Працягвае страйк «Карбамід-4».
  • Азотаўца і сябра незалежнага прафсаюзу Аляксандра Жука ўвечары перавялі ў ізалятар да суда. Учора ён знік зранку. Потым пазваніў з КДБ, паведамляе радыё «Свабода».
  • З «Горадня Азоту» задняй датай звольнілі, паводле папярэдніх звестак, адразу 11 чалавек. UPD: Інфармацыя пра звальненні пакуль не пацвердзілася.

10:00 Менск. Медыкі 6-й ГКБ раніцай 28 кастрычнік зноў выйшлі на знак падтрымання страйкоўцаў і рэпрэсаваных.

Ланцуг салідарнасці медыкаў у Менску 28 кастрычніка.
Фота: Еўрарадыё.

«Мы не маем маральнага права страйкаваць, але выказваем сваю салідарнасць усім адважным людзям, якія не баяцца адстойваць нашыя правы. Мы ў думках з усімі палітвязнямі, студэнтамі, рабочымі, пенсіянерамі. Мы ўдзячныя ўсім за барацьбу і падтрымліваем кожнага і кожную», – гавораць медыкі.

А вось працаўніцы МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі перад пачаткам працы. На плакаце напісана: «Трапіш у шпіталь, а там – мы!»

Яшчэ ранішнія ланцугі салідарнасці ў Менску 28 кастрычніка.



Пасол Беларусі ў Аргенціне і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Чылі, Парагваі, Перу і Уругваі Уладзімір Астапенка падаў у адстаўку «паводле пагаднення бакоў» яшчэ ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасня. Але тую заяву ён адклікаў і 27 кастрычніка падаў новую, паведамляе TUT.BY.

Уладзімір Астапенка патрабаваў вызваліць яго ад пасады пасла «ў сувязі з парушэннямі наймальнікам заканадаўства», якія перашкаджаюць выкананню працы.

– Адсутнасць міжнароднай легітымнасці кіраўніка дзяржавы не дазваляе мне і як дыпламату, і як патрыёту сваёй краіны працягваць добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў пасла, застаючыся ў падначаленні ў асобы, якая не мае права выказваць волю беларускага народа, – тлумачыць Астапенка.

Пасол назваў цэлы шэраг непрымальных дзеянняў наймальніка. Гэта:

  • шматлікія парушэнні асноўных правоў і свабод грамадзян Беларусі,
  • відавочныя і грубыя фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў,
  • ужыванне празмернай сілы і спецсродкаў у адказ на законныя акцыі мірнага пратэсту;
  • неправамернае зацягванне прыняцця пастановаў пра распачынанне крымінальных спраў па фактах забойстваў, катаванняў, гвалту, масавых збіванняў, адвольных затрыманняў, ілжывыя сведчаньні з боку праваахоўных органаў ды іншае.

Горкі. З’явілася інфармацыя пра затрыманні працаўнікоў Горацкіх ачышчальных збудаванняў Валянціна Баса, Валерыя Пасікава і Аляксандра Касухі, якія запісалі пранізлівы відэазварот супраць гвалту. Яго трэба паглядзець.

AA Belsat.eu

Стужка навінаў