Няўзгодненая музыка пад забаронаю. Навошта ў Расеі зрываюць канцэрты


Цягам некалькіх дзён у розных гарадах Расеі адмянілі больш за 20 канцэртаў папулярных сярод падлеткаў выканаўцаў, і гэты спіс штодня папаўняецца. Бацькоўская грамадскасць, пракуратура і паліцыя ўпэўненыя, што стаяць на варце маральнасці. Артысты лічаць, што іх абмяжоўваюць у праве на самавыяўленне, а слухачоў – на свабоднае атрыманне інфармацыі.

«Я буду спяваць сваю музыку»

21 лістапада рэпер Хаскі паспеў выступіць на канцэрце ў Краснадары менш за паўгадзіны, пасля чаго сцэну і апарат адключылі. Прыхільнікі выйшлі на вуліцу, і неўзабаве да іх далучыўся Дзмітрый Кузняцоў, ён жа Хаскі. Артыст узабраўся на дах чужога аўта і стаў выконваць песню «Ай» са словамі «Я буду спяваць сваю музыку». Пад скандаванне натоўпу яго забрала паліцыя.

Наступнага дня суд у Краснадары прысудзіў Хаскі 12 содняў адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства, але ўжо 26 лістапада ён выйшаў на волю. Пасля грамадскага рэзанансу суд адмяніў прысуд.

Да гэтага моманту ў Маскве рыхтаваўся канцэрт «Я буду спяваць сваю музыку» у падтрыманне арыштаванага – з удзелам суперзорак расейскага хіп-хопа Бастай, Noize MC і Oxxxymiron. Паралельна супраць цэнзуры ў творчасці выказаліся група «Каста», пісьменнік Захар Прылепін і нават народны артыст РСФСР Леў Лешчанка.

Падчас выступу на канцэрце Noize MC, ён жа Іван Аляксееў, нагадаў са сцэны пра тое, як сам адбываў арышт паводле таго ж артыкула. 2 жніўня 2010 г. расейскі суд прысудзіў яму 10 содняў арышту за дробнае хуліганства. Тады Іван Аляксееў са сцэны дрэнна выказаўся ў дачыненні да органаў правапарадку, назваўшы міліцыянтаў «жывёлінамі ў чырвоных кукардах».

Хаскі запісаў відэазварот, у якім падзякаваў усім і паабяцаў пералічыць сабраныя для яго некалькі мільёнаў рублёў праваабарончым арганізацыям «Агора» і «Открытая Россія», а таксама парталу «Медиазона».

https://www.instagram.com/p/BquzoOBnAho/

«У які момант краіна так змянілася?»

У 2007 годзе на летнім фесце «Эммаус» гурт «Псіхея» выканаў песню «Убей мента» з рэфрэнам «Сколько стоит твоя свобода?». Пасля канцэрта супрацоўнікі АМАП вырашылі з імі паразмаўляць. Справа скончылася пагрозамі, але юрыдычных наступстваў не мела, а песню ўнеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў толькі праз тры гады. У расейскім сегменце Youtube яе прагляд немагчымы.

«А цяпер удумайцеся. 11 гадоў таму выкананне песні «Убей мента» у Расеі было спрэчным, – піша аўтар телеграм-каналу «Русский шаффл» журналіст Алег Кармунін. Вакаліста гурта «Психея» не арыштавалі, не ********* [збілі] ботамі па нырках, не завялі на яго крымінальную справу. З ім проста пагаварылі. І тагачасная інтэрнэт-публіка палічыла, што адбылося паліцэйскае свавольства. Каб такое здарылася бы сёння, усе бы перахрысціліся. «Адпусцілі! Цуд! »

Музычны аглядальнік задае рытарычнае пытанне «У які момант краіна так змянілася?» І прыводзіць у прыклад навіны музыкі, у якіх гаворыцца пра забарону канцэртаў музыкаў, якіх аўтар называе «дыетычнымі».

Гурт IC3PEAK

Вал забаронаў

У найноўшай гісторыі Расеі цягам больш за 15 апошніх гадоў перыядычна зрываюць канцэрты. Да апошняга часу зрывы былі часцей за ўсё выпадковымі падзеямі і звычайна суправаджаліся рэйдамі супрацоўнікаў Наркакантролю. Пра дрэнны ўплыў на моладзь загаварылі зусім нядаўна. У ход пайшлі розныя аргументы: разбэшчванне моладзі, суіцыд, наркотыкі, антыдзяржаўная прапаганда.

У снежні 2016 году ў Валгаградзе пасля ўмяшання пракуратуры адмянілі канцэрт панк-гурту «Порнофильмы». У кастрычніку 2017 году па рэкамендацыі супрацоўнікаў ФСБ і муніцыпалітэтаў канцэрты гурту прыйшлося адмяніць у Мураму Уладзімірскай вобласці і ў Выксе Ніжагародскай вобласці.

Апошнімі днямі расейскіх меламанаў чакаў адразу шэраг забаронаў. Больш за ўсіх адзначыўся Ніжні Ноўгарад. У ім не змагла выступіць спявачка Монеточка, вышэйзгаданы Хаскі, якому праз забароны ды арышт не ўдалося выступіць яшчэ ў Саратаве, Валгаградзе, Тальяці, Іванаве і Яраслаўлі, Элджей і казахстанскі рэпер Jah Khalib. У Волагдзе таксама сарвалі канцэрт Хаскі, а таксама гурту «Френдзона», што атрымаў забарону на выступы ў Кемераве і Краснаярску.

Гэтыя музыкі не спяваюць на вострыя палітычныя тэмы. «Френдзона» і Монеточка закранаюць, у асноўным, тыповыя падлеткавыя праблемы, пра якія спявалі музыкі ўсіх пакаленняў ад нараджэння поп-культуры. Тэксты Хаскі больш змрочныя, але, хутчэй, сацыяльныя, чым палітычныя. І толькі віч-хаўз дуэту IC3PEAK, які выдаў альбом «Сказка» з востра-сацыяльнымі тэкстамі, можна «інкрымінаваць» палітычную сатыру або крытыку ўлады. У кліпе «Cмерти больше нет» музыкі гуляюць у ладкі, седзячы на ​​плячох супрацоўнікаў АМАПу на фоне будынку ФСБ на Лубянцы і спяваюць, сярод іншага: «Вместе с другими тебя скрутят на площади».

IC3PEAK сарвалі выступу ў Казані (там ён доўжыўся каля паўгадзіны, пасля чаго ў клубе адключылі электрычнасць), Пермі і Новасібірску. У Ніжнім Ноўгарадзе музыкам з трэцяй спробы ўдалося знайсці рэзервовую пляцоўку і запрасіць тых, хто купіў квіткі, праз рассыланне асабістых паведамленняў.

Бой за розумы падлеткаў

У Ніжнім Ноўгарадзе пракуратура змагаецца са «шкоднай інфармацыяй» для падлеткаў, але часам даходзіць да смешнага. Два клубы, у якіх збіраўся выступіць дуэт IC3PEAK, абвінавацілі ў парушэнні пажарнай бяспекі. У гэтым жа горадзе з’явілася нейкая «бацькоўская грамадскасць», якая запатрабавала забараніць выступаць 18 артыстам і гуртам: ATL, гурту «Пошлая Молли», Монеточке, рэперам Face, Хаскі, Feduk і іншым. Пад забарону чамусьці трапіў гурт, што іграе сімфонік-метал больш за 20 гадоў, Within Temptation з Нідэрландаў.

– Песні гэтых калектываў утрымліваюць прапаганду алкаголю, наркаманіі, рызыкоўнага, небяспечнага і суіцыдальных паводзінаў, канібалізму, садызму, распусты, растарможваюць сферу палавых інстынктаў, у тым ліку апісваючы сцэны розных палавых скажэнняў, маюць шмат ненарматыўнай лексікай, здзекуюцца над смерцю, выказваюць нянавісць да сямейных і дзяржаўным асноваў, – гаворыцца ў дакуменце.

Рэперу Элджею таксама не далі выступіць у Ніжнім Ноўгарадзе, а таксама 28 лістапада ў Якуцку, дзе нібыта націснула грамадскасць.

Экстрэмізм і непажаданая інфармацыя

У верасні 2010 году ў Маскве на мітынгу ў абарону Хімкінскага лесу вакалістка электрапанк-гурту «Барто» Марыя Любічава праскандавала тэкст песні «Готов« з прыпевам «Я готова! А ты готов поджигать ночью машины ментов?» і была запрошаная на размову ў гарадзкое ўпраўленне ўнутраных справаў. Наступная праверка на экстрэмізм, зрэшты, скончылася для гурта добра.

У Расеі створаны і рэгулярна папаўняецца Федэральны спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў – рэестр кніг, артыкулаў, што публікуюцца ў інтэрнэце, а таксама відэа, спеваў ды іншых твораў, пра якія суд палічыў, што яны распальваюць міжнацыянальную, міжсацыяльную, рэлігійную ды іншую варожасць. Спачатку там сапраўды публікаваліся загалоўкі кніг і назвы песень, змест якіх можна трактаваць адназначна. Але пазней у спісе стала з’яўляцца і спрэчная або сатырычныя творчасць.

Чорны спіс расце

Ад 2014 году некалькі песень фрык-панк-калектыву «Ансамбль Христа Спасителя и Мать Сыра Земля» патрапілі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але паколькі спіс велізарны, пра ўнясенне ў яго ці нават пра існаванне спісу шмат хто з расейцаў нават не падазрае. Так у жніўні 2017 году 61-гадоваму жыхару Чэбаксараў Уладзіміру Аўдзееву прысудзілі 2,5 год турмы ўмоўна за рэпост трох спеваў гурта. Асуджаны сцвярджае, што зрабіў рэпост запісу, у якім вялося пра ўнясенне гэтых спеваў у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Па іроніі, забароненыя спевы былі далучаныя да паведамлення.

Яшчэ адна гратэскавая група «Кровосток» у 2015 годзе стала падставаю для судовага разбору ў Яраслаўлі. У ліпені забаранілі сайт гурта, бо ў ім апісваюцца спосабы забойства і прапагандуецца ўжыванне наркотыкаў. У лістападзе таго ж году групе ўдалося праз суд адмяніць забарону.

Аўтар тэлеграм-каналу пра рускамоўную музыку «Русский шаффл» і стваральнік рэсурсу пра поп-культуры ў Расеі «Щи» Алег Кармунін лічыць, што гэта толькі пачатак, звязаны з росквітам поп-музыкі ў Расеі і з’яўленнем вялікай колькасці новых гуртоў і выканаўцаў, раскручаных, у тым ліку, праз сацыяльныя сеткі і без удзелу буйных лейблаў.

– Прадстаўнікі нашай улады, нарэшце, паслухалі музыку і ўцешыліся – вось што яшчэ можна забараніць. Рэшту ўжо зарэгулявалі. Апошнім часам вялікі музычны ўздым. Шмат усяго зʼявілася – не пералічыць. Гэтага хопіць на які-небудзь велізарны фестываль, цэлую радыёстанцыю. Усе гэтыя новыя хлопцы маладыя, гарачыя, робяць, што хочуць, і ніхто ім не ўказ, – распавёў Алег Кармунін карэспандэнту «Белсат». – І якім чынам ты адрэгулюеш тэксты, зусім незразумела. Ты можаш рэгуляваць СМІ, каналы, нават «Телеграм», мітынгі, а што ты будзеш рабіць з музыкай?

Метады СССР на ўзбраенне

Рэпер Oxxxymiron, выступаючы на ​​канцэрце ў падтрыманне Хаскі, сказаў, што цяперашняя сітуацыя нагадвае яму забароны выступаў рок-групы ў СССР. Тым не менш, «Элджея» і «Монеточку» не здымаюць з ратацыяў на буйных радыёстанцыях, а гурты «Порнофильмы і «Пошлая Молли» ходзяць да Івана Урганта на «Первый канал». У большасці рэгіёнаў вышэйзгаданыя артысты працягваюць выступаць, нярэдка пры падтрыманні або інфармацыйным асвятленні дзяржаўнымі і муніцыпальнымі медыямі. Тэксты не трэба папярэдне ўзгадняць у афіцыйных органах, як гэта рабілі ў 1980-я. Забароны эпізадычныя, але яны могуць стаць сістэмнымі ці спарадзіць адну вялікае і непрыемную справу ў дачыненні да вядомага спевака.

Алег Кармунін лічыць, што ўлады могуць пайсці і іншым шляхам, запужаўшы падлеткавы сегмент шоу-бізнесу.

«Калі цягам доўгага часу не даваць зарабляць, нічога не атрымаецца, і яны кінуць займацца музыкай», – выказаў меркаванне ён.

І заўважыў, што дзяржава паспяхова справілася з тэатрам і кіно (забарона пастаноўкі «Тангейзера» у Новасібірску, крымінальная справа ў дачыненні да рэжысёра Кірыла Сярэбранікава і г.д.), таму і музыку чакаюць не лепшыя перамены.

Аляксей Сабельскі, belsat.eu

 

Стужка навінаў