Нямецкі таблоід: у архівах Дрэздэна знайшлі пасведчанне Штазі на імя Пуціна


Газета падае, што дакумент знайшлі ў актах аддзелу кадраў былой адміністрацыі Штазі ў Дрэздэне. Ілюстрацыя – Bild

Аддзел па працы з архівамі Штазі знайшоў службовае пасведчанне, выдадзенае на імя цяперашняга прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, піша нямецкая штодзённая сенсацыйная газета Bild.

Паводле звестак выдання, пасведчанне на імя маёра Пуціна было выдадзена 31 снежня 1985 года. Яго падаўжалі кожны квартал цягам наступных чатырох гадоў. Дакумент быў неабходны для таго, каб Пуцін мог бесперашкодна наведваць офісы Штазі.

У Крамлі заявілі, што пасведчанне можа быць сапраўдным.

«Магу выказаць наступную здагадку: як вядома, у той час, у часы Савецкага Саюзу, і КДБ і Штазі былі партнёрскімі службамі, таму, напэўна, нельга выключаць і такога абмену пасведчаннямі », – сказаў прэс-сакратар расейскага лідара Дзмітрый Пяскоў.

Штазі – міністэрства дзяржаўнай бяспекі Нямецкай дэмакратычнай рэспублікі. Адпаведнік савецкага КДБ.

Уладзімір Пуцін з 1985 па 1990 год працаваў у прадстаўніцтве КДБ у Дрэздэне.

ДД

Стужка навінаў