Нямеччына можа ўнесці Беларусь у спіс бяспечных краінаў. Гэта спросціць высылку беларускіх мігрантаў


У МУС Нямеччыны мяркуюць, што ў спіс бяспечных краінаў паходжання можна ўключыць яшчэ 14 дзяржаваў. Сярод іх – Беларусь.

Пра планы пашырыць спіс бяспечных краінаў 19 кастрычніка паведаміла «DW» са спасылкай на агенцтва «dpa».

Мігрантаў з гэтак званых бяспечных краінаў паходжання лягчэй высылаць з Нямеччыны ў выпадку адказу ў прадастаўленні прытулку, іхныя хадайніцтвы аб прытулку разглядаюць у паскораным парадку.

Акрамя Беларусі «бяспечнымі краінамі» могуць стаць Украіна, Малдова, Куба, Калумбія, В’етнам, Танзанія, Пакістан, Індыя, Кенія, Бенін, Гвінея-Бісаў, Цэнтральнаафрыканская рэспубліка і Чад.

Доля станоўчых рашэнняў хадайніцтваў аб прытулку ад грамадзянаў названых дзяржаваў сёлета складае менш за 5 %. Паводле кааліцыйнай дамовы, краіны могуць быць абвешчаныя бяспечнымі, калі доля менш за 5 % захоўваецца на працягу шэрагу гадоў.

Разам з тым у нямецкім МУС падкрэслілі, што канчатковае рашэнне залежыць ад выканання яшчэ цэлага шэрагу крытэраў, а таксама прадпісанняў ЕЗ і заключэння Федэральнага канстытуцыйнага суда Нямеччыны. Урад Нямеччыны спачатку мусіць правесці дэталёвы аналіз сітуацыі ў гэтых краінах і пацвердзіць, што ў іх адсутнічае пагроза катаванняў, узброенага канфлікту або бесчалавечнага абыходжання.

НМ, belsat.eu, фотаздымак Michael Dalder/ Forum

Стужка навінаў