Нямеччына адмяніла абавязковы каранцін для тых, хто прыязджае з краін ЕЗ

Ад 15 траўня адменены абавязковы 14-дзённы каранцін па прыездзе ў Нямеччыну з краін ЕЗ, краін Шэнгенскага пагаднення і Вялікабрытаніі, піша Deutsche Welle.

Адпаведнага пагаднення федэральныя ўлады дасягнулі з урадамі рэгіёнаў Нямеччыны. Новыя правілы ўступяць у сілу на працягу некалькіх дзён.Тыя, хто прыбывае з па-за межаў Еўразвязу, па-ранейшаму павінны будуць вытрымліваць каранцін.

У Нямеччыне, у адрозненне ад большасці іншых краін Еўропы, не было ўведзена фармальнай забароны на ўезд для замежнікаў. Пры гэтым на межах быў адноўлены кантроль, і без паважных прычын жыхарам іншых краін адмаўлялі ва ўездзе.

У панядзелак у Нямеччыне таксама ўступілі ў сілу новыя правілы паслаблення агульнанацыянальнага каранціну. У асобных землях адчыніліся рэстарацыі, музеі, галерэі. У Берліне запрацавалі сэрвісы, якія прадугледжваюць шчыльны кантакт (цырульні, салоны прыгажосці і г.д), але з захаваннем мераў бяспекі.

Беларусь свае межы не зачыняла і жорсткіх каранцінных абмежаванняў не ўводзіла за ўвесь перыяд эпідэміі.

КА belsat.eu

Hавiны