Някляеў: Севярынец яшчэ не выйшаў з турмы, а яму прапанавалі выйсці з ПЭНу


Уладзімір Някляеў заклікаў ПЭН-цэнтр «перагарнуць старонку гісторыі ПЭНу, якую не хочацца чытаць»

Адразу некалькі беларускіх літаратараў выступілі з крытыкай Беларускага ПЭН-цэнтру пасля звароту сустаршыні БХД Паўла Севярынца, які абвінаваціў кіраўніцтва арганізацыі ў культурным марксізме.

Гэтак, Глеб Лабадзенка заявіў у «Facebook’у», што «страціў сувязь з гэтай арганізацыяй, дзе апошнія гады верхаводзяць дзіўныя людзі з незразумелымі каштоўнасцямі».

атрымаў 21 кастрычніка (праз 9 (!) месяцаў пасля падзеі) такі ліст. адзначу, што ўнёскі перастаў плаціць свядома і…

Opublikowany przez Gleb Labadzenka Środa, 23 października 2019

«Некалі, калі мяне прымалі ў ПЭН-цэнтр, рэкамендацыю мне даваў Рыгор Барадулін – і гэта назаўсёды будзе вялізны гонар для мяне. Але часы змяніліся, змяніліся і людзі», – адзначыў ён.

Сяргей Шапран: Я галадаў, а ад мяне патрабавалі ўнёскі

Аўтар кнігаў успамінаў пра Васіля Быкава, Уладзіміра Някляева, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна і гутарак са Святланай Алексіевіч Сяргей Шапран у сваю чаргу адзначыў, што не атрымаў за шмат якія свае творы ніводнага ганарару, але «ПЭН-цэнтр закідваў лістамі пра неабходнасць сплаты ўнёскаў». У выніку яго выключылі з арганізацыі, хоць, паводле пісьменніка, ПЭН-цэнтр павінен дапамагаць літаратарам і абараняць іх.

Я не аматар выказвацца публічна пра асабістыя рэчы, але тут абставіны вымагаюць, бо толькі цяпер даведаўся, што…

Opublikowany przez Сяргей Шапран Środa, 23 października 2019

Аднак, заявіў Сяргей Шапран, новаму кіраўніцтву арганізацыі было «начхаць».

«Ужо не кажу, што чхалі яны і на тое, што наша невялічкая сям’я пасля таго, як я, кінуўшы журналістыку, заняўся беларускай літаратурай, апынулася ў напаўжабрацкім становішчы – бывалі дні, калі я, працуючы над тым самым двухтомнікам пра Быкава, наўпрост галадаў, бо не ставала грошай на ежу», – адзначыў літаратар.

Някляеў: Маіх ахвяраванняў больш чым дастаткова, каб пагасіць запазычанасць

Асобны зварот да Рады ПЭН-цэнтру звярнуўся паэт, былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, які зараз знаходзіцца ў Швецыі. Ён адзначыў, што ніхто з кіраўніцтва не зрабіў такога ўнёску ў ПЭН, як Сяргей Шапран, а Глеб Лабадзенка паставіў помнік на магіле сузаснавальніка і першага прэзідэнта арганізацыі Рыгора Барадуліна. Але іх абодвух выключылі з арганізацыі.

Некалькі сяброў Беларускага ПЭН-цэнтра, адносінамі з якімі я даражу, патэлефанавалі і напісалі пра сітуацыю, якая…

Opublikowany przez Uladzimir Niakliaeu Czwartek, 24 października 2019

«У змаганні за Беларусь, за нацыянальную культуру і беларускую мову Павел Севярынец прасядзеў у турме больш, чым вы, змагаючыся за Статут, прасядзелі на Залатой Горцы. Ён вязень сумлення паводле ягонага статусу. І ён яшчэ не выйшаў быў з турмы, а вы прапанавалі яму выйсці з ПЭНу. Паводле Статуту», – падкрэсліў Някляеў.

Больш за тое, ён заявіў, што ахвяраваў на дзейнасць ПЭНу сродкі, «якіх больш чым дастаткова, каб пагасіць запазычанасць усіх сяброў ПЭНу, выключаных за няўплату ўнёскаў».

«Прашу вас гэта зрабіць. І на тым перагарнуць старонку гісторыі ПЭНу, якую не хочацца чытаць», – заклікаў паэт.

Севярынец назваў Раду ПЭН-цэнтру «марксісцкімі камісарамі». Што на гэта кажа Нядбай?

Напярэдадні сходу ПЭНу, які пройдзе 26 кастрычніка, сустаршыня БХД і пісьменнік Павел Севярынец апублікаваў адкрыты ліст да яго ўдзельнікаў. Ён запатрабаваў выдаліць з беларускага ПЭН-цэнтру «групоўку марксісцкіх камісараў». Паводле яго, група левых у Радзе арганізацыі прапагандуе ЛГБТ і пераследуе хрысціянаў, займаючыся «культурным марксізмам».

Старшыня ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай сцвярджае, што ў ягоным тэксце праўдзівыя факты змешваюцца са скажонымі і адкрытай няпраўдай.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары