Някляеў узначаліў грамадскі рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі»


Створаная ініцыятыўная група, якая будзе рыхтаваць устаноўчы з’езд руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі».

Яе ўзначаліў паэт, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў.

На сходзе прысутнічалі як прадстаўнікі старэйшага пакалення, так і моладзь, адзначыў кіраўнік новага руху.

«За больш чым дваццацігадовую гісторыю няхай фармальнай, але незалежнасці дзяржавы выраслі людзі, якія ўвабралі ў сябе беларускі дух і разуменне Беларусі як незалежнай дзяржавы. Менавіта на іх ляжа адказнасць за яе будучыню і, як паказаў сённяшні сход, яны гатовыя прыняць на сябе гэтую адказнасць», – перадае словы Някляева БелаПАН.

Намеснікам старшыні арганізацыі, якая ствараецца, будзе Алесь Мех. Ён нагадвае пра пагрозу для існавання суверэнітэту Беларусі:

«Фактычна страчаныя і перададзеныя ў чужыя рукі энергетычныя сеткі, на нашай тэрыторыі з’явіліся вайсковыя базы. Прыйшоў час сказаць гэтаму «не», і гэта могуць зрабіць толькі людзі, для якіх незалежнасць – вышэйшая каштоўнасць».

Пра планы стварыць народны рух Уладзімір Някляеў распавёў месяц таму ў «Гарачым каментары».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў