Нягледзячы на запалохванне, апазіцыйныя кандыдаты ідуць на выбары


Пікеты, партыйныя зʼезды, дзясяткі вылучэнцаў ад апазіцыі. Выбарчая кампанія працягвае набіраць абароты. Сходы апазіцыйных партыяў вызначаюць і праграмы, з якімі прэтэндэнты на дэпутацтва пойдуць у народ. І разам з тым, усё больш фактаў брутальнага ціску на прадстаўнікоў апазіцыі.

Выбарчы пікет салідарнасці ў Наваполацку. Блізкія і паплечнікі патэнцыйнага беспартыйнага кандыдата Мікалая Манохіна прыйшлі падтрымаць яго пасля апошніх трывожных падзеяў. Са словаў імавернага вылучэнца, ягонай сямʼі пагражаюць невядомыя з мэтаю прымусіць актывіста сысці з выбарчае гонкі.

МІКАЛАЙ МАНОХІН, ПАТЭНЦЫЙНЫ КАНДЫДАТ НА ДЭПУТАЦТВА:

«Быў акт фізічнага гвалту, калі казаць у двух словах. Больш казаць я папросту не хачу».

Выказаць салідарнасць з Мікалаем Манохіным прыбыў і былы палітвязень, апазіцыйны палітык Мікола Статкевіч.

МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ, АПАЗІЦЫЙНЫ ПАЛІТЫК:

«Я тут, каб бандыты і злачынцы ведалі, што ўсе даведаюцца аб іх злачынствах. Беларуская грамадства і не толькі беларускае. Мы будзем абараняць сваіх сяброў».

Нягледзячы на атмасферу страху, за Мікалая Манохіна працягваюць ставіць подпісы жыхары Наваполацку.

АПЫТАННЕ

«Трэба спрабаваць нешта змяніць. Хопіць ужо гэтай аднастайнасці. Хочацца нечага лепшага».

«Гэты чалавек з нашага кола. Ён падзяляе нашыя погляды. Ён сапраўдны беларус».

У той жа час апазіцыйныя партыі Беларусі ўсё больш актыўна разгортваюць выбарчую кампанію ў Палату прадстаўнікоў. Абʼяднаная грамадзянская партыя правяла чарговы справаздачна-выбарны з’езд. У выніку галасавання кіраўніка структуры Анатоля Лябедзьку пераабралі на пасаду старшыні. Сябры АГП таксама вылучылі патэнцыйных кандыдатаў на дэпутацтва.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АБʼЯДНАНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ПАРТЫІ:

«На дадзеным этапе гэта спікеры – людзі, якія нясуць нашае пасланне, пасланне да пераменаў. Іх агульная колькасць 70 чалавек. Гэта спіс АГП – Абʼяднананая дэмакратыя. Да нас далучыліся хрысціянскія дэмакраты, ёсць таксама некалькі прадпрымальнікаў».

Акрамя вылучэння патэнцыйных кандыдатаў, з’езд акрэсліў мэты і праграму выбарчай кампаніі АГП. Патрабаванні адстаўкі прэзідэнта і ўраду, структурныя рэформы, а таксама праграма «Мільён новых працоўных месцаў» – гэта першыя пункты ў спісе дзеянняў на бліжэйшыя месяцы.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АБʼЯДНАНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ПАРТЫІ:

«Калі цягам 8-9 бліжэйшых гадоў у Беларусі не будзе створана 1 млн эфектыўных працоўных месцаў, Беларусі не будзе эканамічна, пад пытаннем апынецца палітычны суверэнітэт. Толькі такую амбіцыйную задачу можна і трэба ставіць».

Па-свойму выбарчую кампанію разумеюць у Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Палітычная структура таксама правяла перадвыбарчы з’езд, які вызначыў мэты, а таксама вылучыў трыццаць чатыры прэтэндэнты на дэпутацтва.

ІРЫНА ВЕШТАРД, СТАРШЫНЯ БСДП (ГРАМАДА):

«Каб мы ўжо сёння рыхтаваліся да той будучыні, якая ўжо недалёка. Будуць некалі і празрыстыя выбары, і сумленны падлік галасоў. Я перакананая, што ўсё гэта некалі будзе».

АЛЕГ РАМАШКЕВІЧ, БСДП (ГРАМАДА):

«Нам трэба паказаць сябе людзям, каб людзе пазнавалі нашыя прозвішчы, зналі нас у твар. Хаця б дзеля таго».

Бо бальшыня прадстаўнікоў апазіцыі не верыць, што бліжэйшыя выбары будуць дэмакратычныя. Маўляў, на гэта няма палітычнае волі ўладаў.

МЕЧЫСЛАЎ ГРЫБ, БСДП (ГРАМАДА):

«Яна накіраваная не на сумленныя выбары, а на тое, каб утрымаць уладу ў сваіх руках любым шляхам».

Аднак вылучэнне патэнцыйных кандыдатаў агулам праходзіць актыўна. Цягам апошніх дзён ад палітычных партыяў вызначылі больш за тры сотні прэтэндэнтаў на дэпутацтва. Парламенцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 11-га верасня.

Ян Бабіцкі, belsat.eu

Стужка навінаў