«Нябесная Беларусь». Беларускі рэжысёр зняў фільм пра могілкі


Сусветная прэм’ера фільма Віктара Аслюка «Эпітафія» адбудзецца на Кракаўскім кінафестывалі, які распачынаецца 31 траўня. Вы зможаце паглядзець яго на «Белсаце» 28 красавіка а 21:20 праз спадарожнік «Astra 4A» або онлайн на нашым сайце belsat.eu.

Сёлета Радаўніца супала з эпідэміяй каронавіруса, і шмат хто не можа наведаць могілкі з прычыны каранціну або дабравольнай самаізаляцыі. Часта ахвяраў COVID-19 хаваюць без удзелу сваякоў, якія самі знаходзяцца ў шпіталі.

Рэжысёр-дакументаліст Віктар Аслюк цягам года ездзіў па могілках у розных кутках Беларусі і наведаў іх незлічоную колькасць. Пабываў нават на мініяцюрных, ля закінутай вёскі, у некалькіх сотнях метраў ад Астравецкай АЭС. Хоць яны былі пазначаны на мапе, шукаць давялося паўдня. Гутарым з Віктарам Аслюком пра «Эпітафію» – фільм, спрадзюсаваны «Белсатам».

– Адкуль ідэя фільма?

– Я даўно хацеў зняць фільм пра беларускія могілкі. А дакладней пра тых беларусаў, што пайшлі – пакаленні нябожчыкаў розных гадоў, якія цяпер складаюць не зямную, а нябесную Беларусь. Было крыху наіўнае жаданне перадаць нешта, што амаль немагчыма ўхапіць, такое няўлоўнае, крыху абстрактнае, але істотнае для чалавечага жыцця.

Разам з тым, было трывалае непрыманне нейкіх часта эксплуатаваных у СМІ спекулятыўных момантаў, звязаных са смерцю. Я не хацеў нічога фізіялагічнага, звышдраматычнага. Не хацеў выбіваць пачуцці і выціскаць слёзы. Разумеў, што ў такім фільме рэальнае пахаванне было б дрэнным густам. Імкнуўся да нейкай элегічнай лёгкасці, што ў фільме зазвычай дасягаецца з вялікай цяжкасцю.

Кадр з фільму Віктара Аслюка «Эпітафія»

– Як людзі рэагавалі на камеру – у такім месцы?

– З тымі, хто ляжыць на могілках, было прасцей, чым з тымі, хто прыходзіць іх наведаць. Узнікла такое дзіўнае пачуццё нейкай сувязі з памерлымі, хадзіў між магіламі, углядаўся ў фота, думаў пра нябожчыкаў, кім былі, як загінулі. І яны нібыта гавораць пра сябе, каб звярнуў увагу, спыніўся: жанчына памерла ў 1956 годзе, на помніку ўручную, нязграбна так, выдрапана «забітая навальніцай».

Нярэдка пахаванні сведчаць пра час. Знайшоў магілу хлопца 22-х гадоў, памёр у 1952-м. На помніку зверху – вялікі крыж, а ўнізе – савецкая зорачка і напісана, што нябожчык быў камсамольцам. Эпітафіі чытаў на надмагіллях – бывае, неперадавальна пафасная, «самаробная», так сказаць, паэзія. Але тэксты, напэўна, пра тое, пра што пісалася і стагоддзі таму. Пра хісткасць усяго чалавечага, пра марнасць намаганняў, пра няўмольны фінал. Часам дыдактычныя павевы: маўляў, жыў, як хацеў, а зараз, вось, і назад не вернеш, наноў не пачнеш…

А вось з жывымі на могілках было складана. Беларусы замкнёныя і адасобленыя, унікаюць усялякага кантакту. Мала таго, што іх было цяжка ўпільнаваць і нешта падгледзець, так людзі яшчэ і спрабавалі скандаліць і выгнаць нас з могілак, хоць гэта грамадскае месца: знаходзіцца там і здымаць на агульным плане любы мае права.

Але заўсёды знойдуцца тыя, хто пагодзіцца зняцца, падзяліцца з табой сваімі перажываннямі, што робіць нашу рэжысёрскую задачу небезнадзейнай. Да таго ж я знайшоў цікавага і тонкага чалавека, Андрэя Бурдзянкова, які процьму свайго часу аддае на стварэнне віртуальных могілак – робіць электронны каталог беларускіх пахаванняў. Стала магчымым глядзець ягонымі вачыма.

Кадр з фільму Віктара Аслюка «Эпітафія»

– Калі браць сямейныя архівы, дакументы, фотаздымкі, кнігі, то шмат якія пакаленні беларусаў не захоўвалі іх або з прычыны страху перад перад рэпрэсіямі або проста не лічылі гэта важным. А што пра адносіны беларусаў да памяці можна сказаць, назіраючы за могілкамі?

– Што датычыць адносінаў беларусаў да продкаў, больш плённа было гэта назіраць на вясковых могілках. Там збіраюцца сем’ямі, гэта такое свята яднання для ўсяго роду, малых і старых. Прычым, што ўласціва нейкім нашым паўночным рэгіёнам, ідуць на могілкі не на Радаўніцу, а на Сёмуху. І пры ўсіх паганскіх матывах, якія яскрава праглядаюцца ў такіх святах, гэта асаблівая падзея, калі магілы як бы «ажываюць». Там разам з нябожчыкамі ядуць, п’юць, успамінаюць, плачуць, смяюцца, гуляюць, сварацца – карацей, трохі такая народная стыхія.

Пры тым, што часта на могілкі ніхто не прыходзіў і я марна чакаў, там усё роўна актыўна і няспынна ішло жыццё – вавёрка ўпалявала птушку і з апетытам закусвала, каты мецілі помнікі, буслы кармілі птушанят у гняздзе на каменнай калоне, экскаватар нішчыў дашчэнту старадаўнюю хату… І нейкія зносіны ёсць паміж жывымі і нежывымі – маленькі хлопчык памёр у 50-ых гадах, на магіле і зараз стаіць новая машынка, вечнаму такому дзіцяці…

– Вы шмат падарожнічаеце. Ці давялося пабываць на могілках у іншых краінах?

– Я, як кудысьці прыязджаю, першай справай на могілкі іду. Гэта аўтэнтычныя месцы, якія наводзяць на разумныя думкі і распавядаюць пра нешта важнае – прычым, і нацыянальнае, і ўніверсальнае.

Быў нават на могілках у Новай Каледоніі, гэта востраў у Палінезіі. Там усё гарманічна спалучаецца – і хрысціянства, і паганства. Памерлых хаваюць па каталіцкім абрадзе і адначасова праводзяць мясцовы рытуал провадаў нябожчыка да продкаў. Побач са звычайнымі, еўрапейскага выгляду, могілкамі – збялелы ад часу і дажджоў чэрап барана, насаджаны на кол, уваткнуты ў зямлю.

Уразілі могілкі ў Порта, у Партугаліі. Там шмат вялікіх сямейных склепаў, якія ўнутры выглядаюць, як маленькая гасцёўня – пры трунах дыванкі на падлозе, стаіць стол з абрусам, на стале – фатаграфіі ў рамках, прыгожая ваза з жывымі кветкамі. Дзверы ў склеп – як у нас верандзе якой-небудзь старой вясковай хаты – знутры завешаныя белымі карункавымі фіранкамі, замыкаюцца на клямку. Але, пэўна, адчуванні, якія выклікаюць такія месцы па ўсім свеце, яны аднолькавыя…

Размаўляла Інга Астраўцова belsat.eu

Стужка навінаў