Аляксандр Фядута Нур-Султан. Рэпетыцыя транзіту

паліткансультант

У Казахстане прайшлі пазачарговыя прэзідэнцкія выбары. Я пішу гэты тэкст у момант, калі фармальныя вынікі не падлічаныя і не абвешчаныя, але вынік загадзя вядомы. Усім вядомы. Хто сумняваўся ў выніку, прачытайце рэпартажы пра затрыманні асоб, якія нібыта спрабавалі зладзіць ў мірным горадзе Нур-Султан і не менш мірных Алма-Аты і Шымкенце масавыя беспарадкі.

Грамадзяне Беларусі, спіце спакойна. Мы гэта ўжо праходзілі. У 2010 годзе. Мадэль тая ж. Вынікі яшчэ не абвешчаныя, але затрыманні адбыліся. Праўда, у нас яшчэ і натоўп кандыдатаў у прэзідэнты прымудрыліся арыштаваць, але мы ж – такія мірныя людзі, што ні ў гімне не праспяваеш, ні гербам не пазначыш. Таму ў 2010 годзе кожны альтэрнатыўны кандыдат разглядаўся як патэнцыйны злачынец і загадзя быў пастаўлены на праслухоўванне тэлефонаў. А разам і ўвесь ягоны штаб.

Цяпер сітуацыя іншая. Афіцыйны Менск ўзіраецца ў карцінку з афіцыйнага Нур-Султана не як у мінулае сваё, а як у сваю будучыню. Ужо відавочна, што менавіта казахская мадэль будзе абраная для канстытуцыйнай рэформы. А казахі, у сваю чаргу, арыентаваліся на мадэль кітайскую, часоў вялікага Дэна Сяапіна. Дык там жа і ўвогуле студэнтаў на плошчы Цяньаньмэнь танкамі падушылі. Так што ступень дэмакратызацыі палітычных аўтарытарных рэжымаў на вачах узрастае: Пекін (танкі) – Менск (700 арыштаваных, з іх шасцёра кандыдатаў у прэзідэнты) – Нур-Султан (500 чалавек арыштаваных).

Пратэсты ў Казахстане: больш за сотню затрыманых

Прагрэсіўнае чалавецтва можа радавацца, колькі душы заўгодна. І калі сітуацыю ў Казахстане сусветная супольнасць успрыме як належнае, то ў нас у 202… нейкім годзе транзіт будзе ажыццёўлены паводле той жа мадэлі з прэвентыўным затрыманнем на парозе ўласнага дома Міколы Статкевіча і лёгкім угаворваннем ў аўтазаку журналістаў, што назіралі за гэтым.

А можа быць, не будзе нават і гэтага.

Бо навошта затрымліваць правадыра, за якім не пойдзе на плошчу ніхто, акрамя ягонай уласнай жонкі? Зразумела, што многае вырашыцца ўжо 21 чэрвеня, падчас візіту ў Менск Уладзіміра Пуціна і ягонага ўдзелу ў Вышэйшым Дзяржаўным Савеце Саюзнай Дзяржавы Расеі і Беларусі (варыянт: Беларусі і Расеі, але тут ад перамены месцаў складнікаў сума сапраўды не зменіцца). Па ідэі, менавіта ў гэты істэрычны (я не памыліўся – істЭрычна, а не гістАрычны) момант збудзецца абяцанне Уладзіміра Макея і нам, быць можа, абвесцяць, пра што яны там так доўга дамаўляліся і нарэшце дамовіліся. Ці – не дамовіліся. Гэта на самай справе ўпершыню вельмі важна: ці застанецца Беларусь суверэннай дзяржавай, або нас «зліюць» у каламутную жыжку посткрымской Расеі. Паціху зліюць, незаўважна для навакольных дзяржаў. Хіба што Украіна падыме лёгкі шум, але хто ж у такіх важных пытаннях будзе слухаць Украіну? Браты-украінцы, займайцеся сваімі праблемамі. У вас там што – ужо не страляюць на мяжы з ДНР-ЛНР? Пашліце Леаніда Кучму, ён растлумачыць, што і не трэба адказваць на стральбу стральбой…

У Казахстане завершылася галасаванне, ЦВК распачала лічыць галасы

Астатнія прамаўчаць. Ну, яны ж прамаўчаць у выпадку з Казахстанам? Несумненна. Арышт ста чалавек – гэта не плошча Цяньаньмэнь. Пра тыя танкі забыліся цягам трыццаці гадоў. Аб нашай плошчы снежня 2010 года – ужо праз пяць гадоў. Затрымання Статкевіча ў 202… нейкім годзе не паспеюць заўважыць.

Захад гэта рэпеціруе, спадары. Ён вучыцца не чуць – ня чуць ўласнага сумлення. А карцінку у тэлевізары або інтэрнэце можна выключыць. Дзе там у яго кнопка?

Фота вокладкі: REUTERS/Mariya Gordeyeva

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары