Нуль кілават у Літву. Усё, каб БелАЭС не пачала працаваць


Аніводнай кілават-гадзіны з Беларусі не можа трапіць у Літву – заявіў міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас. Краіна зробіць усё, каб на яе рынак не прасачылася электраэнергія з Беларускай АЭС, супраць будавання якой пад сваймі межамі Літва выступала ад пачатку. Перад запускам станцыі ў Сейме Літвы адкрыўся канфлікт… ці дастаткова цвёрда краіна адстойвае свае нацыянальныя інтарэсы ў супрацьстаянні запуску станцыі?

Ад Беларускай атамнай станцыі Літва абараняецца на заканадаўчым узроўні, аб’явіўшы блізкі сваёй мяжы абʼект пагрозаю нацыянальным інтарэсам.

Чарговым крокам мела стацца прыняцце парламенцкім Камітэтам замежных справаў новага дакументу аб БелАЭС. Але чальцы Кансерватыўнай партыі запатрабавалі ўзмацнення фармулёвак… Каб у дакуменце прапісалі, што «ўсе дыпламатычныя ініцыятывы маюць быць скіраваныя на тое, каб Беларуская АЭС не пачала працаваць».

Каментуе Лаўрынас Касчунас з Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы. Ён рэпрэзентоўвае ў парламенце апазіцыю – кансерватыўную партыю «Саюз Айчыны – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты»:

«Але ёсць людзі, якія хочуць гэта скрэсліць, і мы не знаходзім кампрамісу, гэта праблема. Самы галоўны гэты пункт. Каб усімі рэсурсамі, якія мы маем, дасягаць гэтай мэты. А яны хочуць упісаць там слова «спрабаваць».

Не «спрабаваць», а «настойваць» і намовіць усе краіны Еўразвязу на вета датычна закупу прадукту беларускай нуклеарнай вытворчасці. Дакумент гэтак і не прынялі. Група кансерватараў пакінула паседжанне камісіі, чым парушыла неабходны для ўхвалення кворум.

Старшыня парламенцкага Камітэту замежных справаў Сейму Літвы, сацыял-дэмакрат Юозас Бярнатоніс абвінаваціў кансерватараў у палітыканстве. Яму слова:

«Мы не знайшлі агульнага меркавання ў гэтых пытаннях, было некалькі праектаў, і там практычна нічога новага. Вы ведаеце, што ёсць ужо і рашэнне парламенту ў гэтым пытанні».

Новыя захады для блакавання электраэнергіі з Астравеччыны прапанаваў напярэдадні прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Кампаніям, якія парушаць забарону на імпарт электрычнасці з Беларусі могуць:

– ануляваць дазвол на імпартаванне і забараніць выдаванне новага дазволу,
– даць пэўным службам права правяраць і ў выпадку чаго спыняць угоды стратэгічных кампаніяў – імпарцёраў электраэнергіі.

Хоць пасля абрання Наўседы прэзідэнтам былі прагнозы…

Гаворыць Раман Якаўлеўскі, палітычны аглядальнік, Менск:

«Новы прэзідэнт па-іншаму будзе ставіцца, меней жорстка, да гэтай праблемы (а гэта праблема). Але мы бачым, што праблема не знікае, і яна, я лічу, будзе высунутая на агульнаеўрапейскі разгляд».

Уласна, чальцы партыі «Саюз Айчыны – Хрысціянскія дэмакраты Літвы» дамагаюцца, каб вета на беларускі атам наклалі ўсе краіны Еўразвязу. Літва нават дэмантавала электралініі на сваёй паўднёва-ўсходняй мяжы. Але непакоіцца, каб энергія не зайшла на рынак з поўначы – праз транзітны ланцуг Беларусь – Расея – Латвія – Літва. Латышы ды эстонцы пакуль не далучыліся да байкоту BY-электрычнасці, хоць і намеру набываць яе не выказваюць.

Меншасць у літоўскім Сейме западозрыла міністра замежных справаў Лінаса Лінкявічуса ў магчымых дамоўленасцях з Беларуссю наконт транзіту энергіі.

Міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус каментуе для «ПраСвету»:

«У іх такое хобі – асцерагацца, таму няхай асцерагаюцца. Па сутнасці справы мы з спадаром Макеем заўжды абмяркоўваем пытанні вельмі шчыра, адкрыта і канструктыўна, што галоўнае. Безумоўна, ёсць шмат якія моманты, што, на жаль, не вырашаюцца. У нас погляды розныя на будаўніцтва атамнай станцыі».

Кіраўнік літоўскай дыпламатыі – былы амбасадар Літвы ў Менску – напярэдадні сустракаўся з беларускім калегам у Нью-Ёрку. Кансерватары патрабуюць абнародавання стэнаграмы размовы…

Напружанасць расце перад запускам першага астравецкага рэактару, запланаваным на студзень. Беларусь таксама правяла вучэнні – з правяраннем усіх сістэмаў інфармавання і рэагавання на выпадак радыяцыйнай пагрозы…

Лінас Лінкявічус нагадаў, што новая вытворчасць пакуль не ўпісваецца ў міжнародныя нарматывы аб бяспецы. Каму і ў якім абʼёме будзем пастаўляць прадукцыю новага прадпрыемства, таксама застаецца таямніцаю. Адкрыта кажуць толькі пра айчынныя прадпрыемствы і ўласна расейскі кірунак.

Працягвае Раман Якаўлеўскі:

«Наступным крокам у гэтай відавочнай эскалацыі двухбаковых адносінаў можа стацца адкліканне амбасадараў дзвюх краінаў на гэтак званыя кансультацыі».

Апошні падобнага значэння дыпламатычны разрыў Беларусь мела са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Толькі сёлета, праз 11 гадоў, краіны ўзнаўляюць страчаныя стасункі, чытай – страчаныя магчымасці для беларускіх грамадзянаў.

У пытанні стаўлення да Беларускай АЭС унутры краіны Літва абавязкова вызначыцца, але знайсці паразуменне з Беларуссю шанцаў няма. Працы ў Астраўцы рашуча ідуць да фінішу.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 25.10.2019

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў