Ну, як перажылі тыдзень: ціск на медыі, разгон студэнтаў, узлом дзяржаўных сайтаў. Усё ў карцінках


Калі кожны дзень неверагодная колькасць падзеяў, калі прачынаешся нібыта ў іншай краіне, застаецца толькі рэфлексаваць. Карыкатурыст Дэ Лёс адрэфлексаваў падзеі мінулага тыдня. Адчуванне, што гэта было ў мінулым жыцці. Узгадаем асноўныя падзеі.

Панядзелак

Малюнак: Дэ Лёс

У панядзелак, 31 жніўня, Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь. Пры тым, што ён мае беларускі пашпарт. Памежнікі нічога не патлумачылі. Але потым Аляксандр Лукашэнка сказаў, чаму Кандрусевіча не пусцілі ў краіну. Маўляў, ён атрымаў пэўныя задачы ў Польшчы. Якім чынам беларус не можа ўехаць у Беларусь, Лукашэнка не патлумачыў. Дарэчы, юрыдычна гэта немагчыма.

Аўторак

Малюнак: Дэ Лёс

1 верасня, у дзень ведаў, студэнты выйшлі на пратэсты. БДУ, БДЭУ, БНТУ, БДУІР, МДЛУ выйшлі на вуліцы Менску. Пачаліся, натуральна, затрыманні. Даволі жорсткія. Затрымлівалі нават на тэрыторыі саміх навучальных установаў (прынамсі ў дворыку ліцэя БДУ). Падрабязней пра пратэстны дзень ведаў можна пачытаць і паглядзець вось тут.

Серада

Малюнак: Дэ Лёс

2 верасня, у сераду, стала вядома, што 6 журналістаў (БелаПАН, «Камсамольская праўда» ў Беларусі«, TUT.BY) перавялі ў ізалятар на Акрэсціна. Іх затрымалі напярэдадні, 1 верасня, падчас асвятлення акцыі пратэстаў студэнтаў. Ва ўсіх журналістаў былі акрэдытацыі, бэйджы віселі на шыях, усе яны мелі камізэлькі з надпісам «прэса». Аднак гэта не спыніла сілавікоў. Яны завялі іх у бус, патлумачылі, што толькі правераць дакументы, адвезлі ў Кастрычніцкі РУУС, дзе тыя правялі ўсю ноч. На наступны дзень, 2 верасня, прайшлі суды. Справу кожнага накіроўвалі на на дапрацоўку. У выніку дзень скончыўся, журналісты засталіся ў РУУС, а вечарам іх адвезлі на Акрэсціна.

Чацвер

Малюнак: Дэ Лёс

3 верасня, у чацвер, невядомыя ўзламалі сайт МУС і памясцілі туды інфармацыю пра двух злачынцаў, якія знаходзяцца ў вышуку: Аляксандр Лукашэнка і Юрый Караеў. Праз пэўны час сайт перастаў адчыняцца. Напярэдадні быў узламаны сайт Упраўлення справамі прэзідэнта.

Пятніца

Малюнак: Дэ Лёс

У пятніцу, 4 верасня, айцішнікі выйшлі на ланцугі салідарнасці. Яны планавалі мірна пастаяць, а потым дайсці да Стэлы. Аднак амаль адразу, як яны сталі ў ланцуг каля ПВТ, іх пачалі затрымліваць. Агулам у пятніцу былі затрыманыя больш за 20 чалавек. Поўныя спісы можна зірнуць вось тут. А асноўныя падзеі ўсяго дня глядзіце вось тут.

Субота

Субота была настолькі спакойнай, што Дэ Лёс нават не ведаў, што намаляваць. Традыцыйны жаночы марш прайшоў даволі спакойна. Можна зірнуць асноўныя падзеі дня вось тут.

Нядзеля

Малюнак: Дэ Лёс

Верагодна, з улікам спакойнай суботы, улады адыграліся на ўсіх у нядзелю. Мусіў прайсці традыцыйны марш за свабоду палітвязняў, супраць гвалту з боку сілавікоў і за сапраўдныя выбары. Калі натоўп быў вялікі, нікога не чапалі. А вось калі людзі пачалі разыходзіцца, сілавікі і невядомыя ў цывільным (але ў балаклавах, з дручкамі) пачалі затрымліваць людзей, збіваць. Даганяючы пратэстоўцаў, асобы ў цывільным разбілі шыбы ў кавярні, што месціцца на праспекце Пераможцаў, побач з вуліцай Няміга. Фатографы адзнялі таго, хто біў па шклу. Ім апынуўся начальнік ГУБАЗіК, палкоўнік Мікалай Карпянкоў. Пра тое, як прайшоў увесь дзень, можна пачытаць вось тут.

Вось такі тыдзень. Да сустрэчы ў наступны панядзелак. Упэўненыя, нам будзе што вам расказаць і паказаць. Заставайцеся з «Белсатам».

Стужка навінаў