Новыя жанры беларускай літаратуры: Facebook – дзённік і зомбі-хорар


Беларуская літаратура набыла ў гэтым годзе два новыя жанры: Facebook-дзённік і зомбі-хорар. Аб гэтым паведамілі журы літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча на цырымоніі ўручэння, што адбылася ўвечары 21 сакавіка ў прасторы «ЦЭХ».

Пераможцамі конкурсу 2017 году сталі Міхаіл Бараноўскі са зборнікам паэзіі «VOLUMEN 1», Адэля Дубавец з перакладам з польскай мовы кнігі Вітальда Шаблоўскага «Танец мядзведзяў» і Андрусь Горват з кнігай прозы «Радзіва «Прудок». Дзённік».

Менавіта Андрусь Горват, апошні трыумфатар гэтага вечара, стаўся для журы найбольш цяжкім пытаннем.

«Раней было так, што ў дэбютантаў не было пагалоскі да прэміі, а конкурс дапамагаў ім, кнігу больш чыталі. Але кніга Андруся ўжо мела гучны розгалас, і гэта рабіла наш выбар больш складаным. З аднаго боку, не трэба было ісці ў мэйнстрым, але і ігнараваць любоў чытачоў да кнігі было нельга, таму што кніга ж і ствараецца для чытачоў. Я рады, што меркаванне журы супала з гэтай народнай любоўю да кнігі Андруся Горвата, і я яго віншую», – кажа Павал Бераговіч, старшыня фонду «Вяртанне», адзін з фундатараў прэміі і сталы сябра журы.

Разам з новым для беларускай друкаванай літаратуры жанрам Facebook-дзённіка, журы і чытачы звярнулі асаблівую ўвагу на яшчэ адзін празаічны твор – «1813» Уладзіміра Садоўскага. Апынулася, што гэта першы аўтарскі беларускі твор пра вайну з зомбі. У кнізе Садоўскага Міхал Клеафас Агінскі змагаецца з імі, б’е ім галовы. Дагэтуль фантастычныя мерцвякі ў беларускіх творах фігуравалі толькі ў літаратурных перапрацоўках старажытных легендаў і казак.

Для аўтара твора вылучэнне ў шорт-ліст прэміі стала нечаканасцю. Ён пісаў кнігу для сяброў, а атрымалася, што яна набыла водгук сярод больш шырокага асяроддзя.

«Натхніла мяне тое, што я сам люблю такую літаратуру, кампьютэрныя гульні, і для мяне гэтая тэма блізкая. Я заўважыў, што ў межах беларускай літаратуры такіх твораў няма. Я вырашыў сам напісаць, з большага, для сваіх сяброў. Таму, калі журы мяне вылучыла, гэта было для мяне сюрпрызам», – кажа Уладзімір Садоўскі.

На цырымоніі ўручэння прэміі з пераможцаў прысутнічаў толькі Міхаіл Бараноўскі, пераможца ў намінацыі «Паэзія» з кнігай «VOLUMEN 1». Замест прамовы пасля абвяшчэння вынікаў, Міхаіл зачытаў свае вершы.

«Абель ужо тры дні як не прыходзіў дамоў…Тут паўсюль дрыгва і гвалт. Адным словам, Літва».

Бывае, што адным вершам можна сказаць тое, аб чым пішуцца цэлыя кнігі. Міхаіл зачытаў тры.

Пераможца сярод перакладчыкаў, Адэля Дубавец, знаходзіцца за мяжой. Але ў відэазвароце да аўдыторыі яна пажадала, каб пераклад кнігі Вітальда Шаблоўскага «Танец мядзведзяў» дапамог чытачам адчуць сябе кімсьці іншым у сучасным палярызаваным свеце.

Пераможцы атрымалі грашовыя прызы па 3900 BYN, фіналісты – па 1000 BYN ад фонду «Вяртанне», а таксама салодкія падарункі і дыпломы.

Святочную цырымонію правёў вядоўца “Белсату” Усевалад Сцебурака, для прысутных зайграў гурт PAULINE.

P.S.: Падчас падрыхтоўкі публікацыі стала вядома, што невядомыя ў цывільным выкралі кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдаху адразу пасля заканчэння цырымоніі.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Стужка навінаў