Новыя санкцыі Украіны супраць Расеі: заблакаваць «Укантакце», «Яндэкс», «Аднакласнікаў»


Адпаведны ўказ падпісаў Пятро Парашэнка. Прэзідэнт Украіны ўвёў у дзеянне рашэнне СНБА аб увядзенні персанальных санкцый супраць расейскіх кампаніяў і грамадзянаў. Дакумент набыў моц 15 траўня.

У санкцыйныя спісе – 467 юрыдычных і 1228 фізічных асобаў. У чорны спіс увайшлі такія інтэрнэт-кампаніі, як Mail.ru Group, сацсеткі «Вконтакте» і «Аднакласнікі».

Аналагічныя санкцыі ўведзеныя супраць «Яндэкса». Будзе закрыты доступ да сэрвісаў Яндэкс.Мапы, Яндэкс.Відэа, а таксама да рэсурсаў вэб-аналітыкі кампаніі і галоўнай старонкі пашукавіка. Пад частковую забарону трапіў сэрвіс «Яндэкс. Надворʼе»: заблакаваныя толькі адрасы, па якіх можна паглядзець надворʼе ў Маскве і Кіеве.

Заблакуюць таксама сайты антывірусных кампаніяў «Лабараторыя Касперскага», DrWeb ды 1С, якая займаецца дыстрыбуцыяй, падтрымкай і распрацоўкай кампутэрных праграм і баз дадзеных.

Абмежавальныя меры супраць ІТ-кампаніяў будуць дзейнічаць цягам трох гадоў да 15 траўня 2020 года.

Поўны спіс юрыдычных асобаў, якія падпадаюць пад санкцыі, можна паглядзець тут. Поўны спіс фізічных асобаў – тут.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў