Новыя санкцыі і новыя рэпрэсіі. 103-і дзень пратэсту ў Беларусі


«Фашисты, прочь руки от наших врачей!».
Сухарава падтрымлівае беларускіх медыкаў.
Фота: чытачы @belsat

Падыходзіць да заканчэння 103-і дзень паслявыбарчых пратэстаў у нашай краіне. Падводзім іх вынікі.

Новыя санкцыі ад ЗША і ЕЗ

Раніцай стала вядома, што Палата прадстаўнікоў кангрэса ЗША ўхваліла законапраект «Аб суверэнітэце, правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі». Дакументам пашыраюцца «паўнамоцтвы прэзідэнта ЗША да ўвядзення новых санкцыяў» у сувязі з выбарамі 2020 года Беларусі.

Сярод іншага, законапраект:

  • прызнае Каардынацыйную раду законным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады
  • не прызнае Аляксандра Лукашэнку «законна абраным лідарам Беларусі» і ўключэння Беларусі ў Саюзную дзяржаву з Расеяй;
  • заклікае правесці новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары і вызваліць усіх палітвязняў без усялякіх папярэдніх умоў;
  • аказвае падтрымку беларускім медыям, IT-сектару і грамадзянскай супольнасці.

А ўвечары міністры замежных справаў 27 краін Еўразвязу дамовіліся падрыхтаваць новы пакет санкцый супраць уладаў і ўстаноў Беларусі. Гэтак, ЕЗ больш не вылучыць ніводнага еўра ўраду Лукашэнкі, усе сродкі для Беларусі пойдуць грамадзянскай супольнасці.

Новыя абмежавальныя меры падрыхтуюць на працягу наступных некалькіх тыдняў. Яны закрануць у тым ліку структуры, якія, паводле крыніц, фінансуюць Лукашэнку. Пра якія менавіта кампаніях ідзе гаворка, не ўдакладняецца.

Раённыя гета і акцыі

«Дэструктыўныя» раёны ў Менску.
Фота: Onliner.by

Менскія ўлады ў сваю чаргу вызначылі 43 двары, «схільныя да ўплыву дэструктыўна настроеных грамадзянаў». У пералічаных раёнах сталіцы ўзмоцняць працу камунальных службаў супольна з працаўнікамі РАУСаў і РАНСаў (раённых аддзелаў надзвычайных сітуацыяў), хоць канкрэтнага плану пакуль няма.

Тым не менш, у «дэструктыўных» раёнах, якія ўжо атрымалі назву гета, новыя захады ўладаў не спынілі актыўнасці. Увечары там прайшлі чарговыя акцыі і маршы. У Сухараве сілавікі паспрабавалі разагнаць дваравы канцэрт і мясцовую актыўнасць, вядома пра затрыманні.

Удзень сілавікі не далі людзям з інваліднасцю прайсціся па праспекце Незалежнасці, але тыя змянілі свой маршрут і прайшліся па вуліцах Кузьмы Чорнага, Сурганава і Якуба Коласа.

Новыя змяненні сярод сілавікоў

Лукашэнка сёння правёў кадравы чацвер. У прыватнасці, ён павысіў да пасады намесніка міністра кіраўніка ГУБАЗіКа Мікалая Карпянкова, а панізіў – Генадзя Казакевіча, які раней быў першым намеснікам кіраўніка МУС, а цяпер стаў проста намеснікам. На ягонае месца прызначаны генерал-маёр Юрый Назарэнка.

Анатоль Маркевіч.
Фота: brestcity.com

Таксама Лукашэнка паслаў былых буйных сілавікоў (Андрэя Раўкова, Аляксандра Канюка і Юрыя Сянько) амбасадарамі ў далёкія краіны. Апроч таго, ён прызначыў новага міністра культуры – свайго былога памочніка Анатоля Маркевіча, які зусім не мае дачынення да культуры.

Справа Рамана Бандарэнкі

З раніцы ў Беларусі абмяркоўвалася магчымая тэлефонная размова старшыні Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрыя Баскава і кікбаксёра Дзмітрыя Шакуты адносна іх верагоднага ўдзелу ў збіванні Рамана Бандарэнкі, які памёр ад траўмаў 12 лістапада. А ўвечары Сцяпан Пуціла, які разам з Раманам Пратасевічам унесены КДБ у спіс тэрарыстаў, апублікаваў да таго ж размову Баскава з прэс-сакратаркай Лукашэнкі Наталляй Эйсмант. Адзначым, што ў ранейшай размове галасы, падобныя да Баскава і Шакуты, абмяркоўвалі, што «Наташа» дапамагае схаваць іх удзел у збіванні Бандарэнкі.

Увечары ж з санкцыі Генеральнай пракуратуры затрымалі доктара, які прадставіў дакументы пра тое, што Раман Бандарэнка, насуперак заявам уладаў, быў цвярозым, калі патрапіў у больніцу. Таксама затрыманая журналістка Кацярына Барысевіч, якая размаўляла з лекарам. Яе даставілі ў КДБ. Затрыманым пагражае паводле ч. 3 арт. 178 КК да трох гадоў пазбаўлення волі.

Між тым маці забітага дазволіла публікаваць дакументы з аналізамі свайго сына. Справу за забойства Рамана Бандарэнкі пакуль так і не пачалі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў