Новыя метады запужвання? Праваабаронцам у кавярні падкінулі ананімную цыдулку


Наста Лойка паведаміла пра магчымую спробу запужаць яе і ейных калегаў.

Паводле праваабаронцы, падчас сустрэчы ў кавярні ім падкінулі паперку з дзіўным зместам. Цыдулку перадаў працаўнік «Лідо» на Нямізе, дзе Наста сядзела з калектывам.

Аўтар запіскі раіў ёй знайсці «нармалёвую працу».

Праваабаронца распавяла belsat.eu, што такую цыдулку ім падкідаюць не ўпершыню.

«Раней падобную запіску, напісаную той жа рукою, падкідалі частцы з прысутных. Магчыма, гэта стыль працы канкрэтнага працаўніка ГУБАЗіКу. Гэта, насамрэч, звычайныя метады працы ГУБАЗіКу, якія я лічу пазапраўнымі і якія мне не падабаюцца. Гэта спосаб псіхалагічнага ціску».

Дзяўчына звязвае такія папярэджанні з актыўнасцю ў ініцыятыве «Прававая дзейнасць», якая падтрымлівае і кансультуе анархістаў і антыфашыстаў.

Паводле Насты, яны не пыталі ў хлопца, які перадаў запіску, хто яе прынёс.

«Адразу было зразумела, што гэта ад двух малазапамінальных мужчын, якія сядзелі недалёка ад нас. Яны сышлі, а афіцыянт прынёс».

Наста Лойка ўжо 10 гадоў займаецца прававою дапамогай розным групам насельніцтва ад актывістаў да ўцекачоў. У Беларусі яе ведае кожны, хто трапіў пад рэпрэсіі дзяржавы і звярнуўся па дапамогу ў праваабарончы цэнтр «Вясна». Цяпер Наста працуе ў праваабарончай арганізацыі «Human Constanta».

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў