Новым трэнерам БАТЭ стаў былы футбаліст клубу


У пятніцу жоўта-сінія назвалі імя новага настаўніка.

Галоўным трэнерам БАТЭ стаў 37-гадовы Аляксей Бага.

Аляксей Бага

Аляксей Бага быў асістэнтам Алега Дулуба, які кіраваў клубам да чэрвеня. Пасля ягонай адстаўкі Бага прыняў каманду ў статусе выконваючага абавязкі галоўнага трэнера. Пад ягоным кіраўніцтвам БАТЭ прабіўся ў плей-оф Лігі чэмпіёнаў, дзе 21 жніўня сустрэнецца з галандскім ПСВ.

Аляксей Бага – выхаванец менскай футбольнай школы «Змена». БАТЭ быў ягонай першай прафесійнай камандай, Бага гуляў за клуб да 2006 года.

У 2007 годзе Аляксей Анатольевіч перайшоў у латвійскую «Даўгаву», пазней правёў тры сезоны ў берасцейскім «Дынама». У 2010 годзе Бага завяршыў гульнявую кар’еру і ўліўся ў трэнерскі штаб БАТЭ.

У 2004 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію фізічнага выхавання (спецыяльнасць «Трэнер па футболе»). Мае трэнерскую ліцэнзію катэгорыі «А».

Малодшы брат Аляксея Багі, Зміцер, гуляе ў БАТЭ на пазіцыі паўабаронцы.

ДД

Стужка навінаў