Новым прэм’ерам Вялікай Брытаніі будзе Борыс Джонсан


Борыс Джонсан. Фота: twitter.com/BorisJohnson

Кансерватыўная партыя Вялікай Брытаніі абрала сваім лідарам былога мэра Лондану. Рашэнне было прынятае 23 ліпеня. Борыс Джонсан перамог падчас партыйных выбараў міністра замежных справаў Джэрэмі Ганта.

«Дзякую вам за неверагодны гонар да мяне. Час на правядзенне кампаніі скончыўся. Пара пачынаць працу над тым, каб аб’яднаць краіну і партыю, выканаць брэксіт і разбіць Корбіна [лідара Лейбарысцкай партыі Джэрэмі Корбіна. – Заўв. belsat.eu]», – адзначыў Борыс Джонсан у «Тўітэры».

24 ліпеня Джонсан будзе абвешчаны новым прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі замест былой лідаркі кансерватараў Тэрысы Мэй, якая ў гэты ж дзень мусіць падаць прашэнне аб адстаўцы.

Борысу Джонсану 55 гадоў. Ад 2008-га да 2016 года ён быў мэрам Лондану, а затым два гады – міністрам замежных справаў Вялікай Брытаніі.

Палітык з’яўляецца прыхільнікам брэксіту і выхаду краіны з Еўрапейскага звязу, не звяртаючы ўвагі на тое, ці атрымаецца дамовіцца з Бруселем да 31 кастрычніка 2019 года.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары