Новым начальнікам менскай міліцыі прызначылі Івана Кубракова. Ён разганяў пратэсты недармаедаў


Іван Кубракоў. Фота - guvd.gov.by

Аляксандр Лукашэнка зладзіў кадравыя перастаноўкі ў сістэме Міністэрства ўнутраных справаў. У прыватнасці, ГУУС Менгарвыканкаму ўзначаліў Іван Кубракоў.

43-гадовы Іван Кубракоў нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці, у міліцыі працуе з 1995 года. Узначальваў міліцыю грамадскай бяспекі, асабіста кіраваў разгонам вулічных акцыяў, у тым ліку маўклівых акцыяў у 2011-м і пратэстаў недармаедаў у 2017 годзе. Ён, у прыватнасці, нясе адказнасць за брутальнае збіццё анархістаў падчас акцыі ў Менску 15 сакавіка 2017-га. Потым Кубракоў заяўляў, што анархісты нібыта мелі з сабою нажы ды кастэты. Амаль адразу пасля таго як пратэсты былі задушаны, Кубракоў пайшоў на павышэнне – яго прызначылі кіраваць УУС Віцебскага аблвыканкаму. Летам 2017 года Лукашэнка зрабіў Кубракова генерал-маёрам.

Праз чатыры месяца пасля таго, як пратэсты недармаедаў былі задушаны, Лукашэнка ўзнагародзіў Кубракова ордэнам “За службу Радзіме”. Крыніца – president.gov.by

Кубракоў змяніў Сяргея Дарошка, які пратрымаўся на пасадзе начальніка менскай міліцыі ўсяго 16 месяцаў. Дарошка цяпер будзе кіраваць Акадэміяй МУС.

УУС Віцебскага аблвыканкаму ўзначаліў Міхаіл Грыб, які ў сваю чаргу раней працаваў кіраўніком міліцыі грамадскай бяспекі ў Менску.

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары