Новым кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта прызначылі Наталлю Качанаву


56-гадовая нарадзінка Полацку – першая жанчына на гэтай пасадзе.

Першым намеснікам Качанавай стаў Максім Рыжанкоў, які раней працаваў на пасадзе першага віцэ-прэзідэнта НАК. Адпаведныя кадравыя рашэнні 21 снежня ўхваліў Аляксандр Лукашэнка.

Амаль два гады Наталля Качанава выконвала абавязкі віцэ-прэмʼера Беларусі.

Хто такая Качанава

Наталля Качанава мае дзве вышэйшыя адукацыі. Яна скончыла Наваполацкі політэхнічны інстытут і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце.

Да таго як стаць чыноўніцай і пачаць працаваць у органах дзяржкіравання, яна доўгі час працавала інжынерам. У прыватнасці, у полацкім «Водаканале». Пазней займала пасаду намесніка старшыні па капітальным будаўніцтве і ЖКГ Полацкага гарвыканкаму, а таксама была старшынёй Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэту цягам 7 гадоў.

Мае званне «Жанчына Віцебшчыны 2002 года» і «Лепшы інжынерна-тэхнічны працаўнік Полацкага прадпрыемства «Водаканал»».

Яна вядомая сваімі гучнымі заявамі пра павышэнне пенсійнага ўзросту, дэкрэт аб дармаедах, які яна назвала «актуальным, абʼектыўным і неабходным», а таксама гарантавала ўсім работнікам заробак не ніжэй за 230 рублёў.

Топ выказванняў Наталлі Качанавай

Пра дармаедаў

«Галоўная выснова — дэкрэт аб дармаедах з’яўляецца актуальным, аб’ектыўным і неабходным, аказвае станоўчае ўздзеянне на сферу працы і занятасці, уцягванне ў легальную эканамічную дзейнасць незанятага насельніцтва».

Пра нізкія заробкі

«Вось прыходзіць малады трэнер на зарплату 1,3 мільёна. Ну што парабіць, такая зарплата! Увогуле чалавек, які скончыў школу, павінен уяўляць, якая зарплата яго чакае на месцы трэнера нізавага звяна. Разлічваць на тое, што там ён будзе мець велізарныя фінансавыя бонусы, наўрад ці варта».

Пра пенсійны ўзрост

«Сапраўды, пенсійны ўзрост у нас нізкі. Ён не ўлічвае ні эканамічных рэаліяў, ні тую акалічнасць, што расце сярэдняя працягласць жыцця і, адпаведна, падаўжаецца перыяд атрымання пенсіі».


Паводле Канстытуцыі, адміністрацыя забяспечвае дзейнасць прэзідэнта кантралюе выкананне яго загадаў. 5 снежня Лукашэнка звольніў кіраўніка Адміністрацыі Аляксандра Косінца і яго намесніка Канстанціна Мартынецкага ў «сувязі з пераходам на іншую працу». І першы і другі пратрымаліся на сваіх пасадах два і паўтара года адпаведна. Пра іх новыя месцы працы нічога невядома.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў