Новы закон дазволіць войску бараніць канстытуцыйны лад


Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на днях прыняла ў другім чытанні законапраект, які значна пашырае паўнамоцтвы беларускай арміі, перш за ўсё ў афіцыйна неваенны перыяд. Цяпер армія будзе мець на мэце не толькі абарону краіны ад вонкавага агрэсара, але і абарону і ўмацаванне канстытуцыйнага ладу.

У апісанні законапраекту адзначаецца, што закон, у прыватнасці, мае за мэту «удакладненне задачаў Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь з улікам характару сучасных ваенных канфліктаў».

Праца над новым законам пачалася ў 2017 годзе, калі яго накіраваў у парламент для разгляду кіраўнік краіны. Паводле эксперта парталу «Belarus Security Blog» Ягора Лебядкі, гэта вынік вывучэння ўкраінскага досведу супраціву расейскай гібрыднай вайне ў 2014-2018 гг.

Ваенны стан

Згодна з законапраектам, ваенны стан у Беларусі можна цяпер увесці не толькі ў выніку адкрытай і відавочнай ваеннай пагрозы, але пасля «заяваў і дэманстрацыі сілы» з боку іншай дзяржавы. Таксама новай нагодай для ваеннага становішча стала «дзейнасці недзяржаўных суб’ектаў у парушэнне Статута ААН з мэтаю падрыхтоўкі ці развязання ўнутранага канфлікту».

Расейскі нацыст Аляксей Мільчакоў, які ваяваў супраць Украіны, трэнаваў сваіх аднадумцаў у Беларусі ў 2016 годзе

«Гэта, відавочна, улік досведу Украіны, бо да нагоды для ўвядзення ваеннага стану можна будзе аднесці дзейнасць, напрыклад, прыватных вайсковых кампаніяў, казакоў, атрадаў «добраахвотнікаў» і таму падобных, якія нават не знаходзяцца на нашай тэрыторыі«, – каментуе Ягор Лебядок.

Абарона канстытуцыйнага ладу

Варыянты «палявога» браніравання грузавікоў беларускай арміі з улікам досведу вайны на ўсходзе Украіны. Кадр з відэа ВаенТБ Беларусі

«Гэткія нормы дазваляюць Узброеным Сілам ладзіць аперацыі аналагічныя ўкраінскім без увядзення ваеннага становішча і пераходу на ваенны час, які можа быць выкарыстаны магчымым праціўнікам як фармальны повад для ўмацавання сваёй групоўкі войск побач з нашымі межамі», – адзначае эксперт.

Тое, што цяпер Узброеныя Сілы будуць мець за мэту абарону канстытуцыйнага ладу, не толькі дае ім магчымасці для ліквідацыі варожых узброеных фармаванняў з няясным статусам і ў фармальна мірны час. Гэта можа мець і палітычныя наступствы, лічыць эксперт.

Цяпер армія можа быць выкарыстана супраць іншых дзяржаўных сілавых структур, калі яны выйдуць з-пад кантролю. Больш за тое, фармальна новая задача абароны канстытуцыйнага ладу дазваляе вайскоўцам законным чынам праяўляць ініцыятыву ў выпадку антыканстытуцыйных дзеянняў самога прэзідэнта, да якіх адносіцца, напрыклад, маштабная фальсіфікацыя выбараў. У пэўных умовах гэта можа азначаць прыход вайскоўцаў да ўлады.

Законапраект пасля двух чытанняў у Палаце прадстаўнікоў павінен накіроўвацца да кіраўніка краіны і ў Савет Рэспублікі. Пасля паправак з абодвух бакоў і галасавання ў Савету Рэспублікі дакумент скіруюць на подпіс Лукашэнку.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў