Новы ўказ ставіць пад пытанне працу ў Беларусі «Скайпа» і «Вайбера»?


Указам кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад 15 сакавіка 2016 года № 98 «Аб удасканаленні парадку перадачы паведамленняў электрасувязі» ствараецца «сістэма процідзеяння парушэнням парадку пропуску трафіку на сетках электрасувязі».

На сайце Нацыянальнага прававога парталу даецца кароткае тлумачэнне дакументу. Паводле яго, беларусам «забараняецца выкарыстоўваць праграмныя і тэхнічныя сродкі … для пераўтварэння пратакола абмену дадзенымі … з выкарыстаннем абаненцкіх нумароў, якія не належаць абаненту».

Калі ўсё ж карыстальнік спрабуе парушыць новыя правілы, правайдар мусіць заблакаваць трафік тэлефаніі па IP-пратаколу.

Аператыўна-аналітычны цэнтры пры кіраўніку Беларусі, які будзе каардынаваць новаўвядзенне, пакуль не каментуе ўказ.

Выглядае, што сутнасць указа менавіта ў дадатковым кантролі за IP-тэлефаніяй ці нават яе абмежаванні або забароне. Што гэта за тэхналогія? Па ёй, напрыклад, працуюць такія папулярныя праграмы, як «Вайбер» і «Скайп».

Чытайце яшчэ >>> Следчы камітэт хоча купіць «патрашыльнік» смартфонаў

Раней «Белтэлекам» заклікаў да ўкаранення замест іх сваёй праграмы, «Максіфон». Яна працуе паводле таго ж прынцыпу, «прывязваючы» акаўнт карыстальніка да стацыянарнага нумара тэлефона.

Мінімалістычны сэнс, які можа быць закладзены ва ўказ, – змаганне з махлярамі, якія ўзломваюць чужыя нумары і акаўнты. Тады новаўвядзенне ніякім чынам не закране шараговых карыстальнікаў.

МЯ, паводле nn.by

Стужка навінаў