Новы сярод гістарычных. У цэнтры Горадні ўпіхнуць яшчэ адзін дом


14 красавіка гарадзенскія ўлады «закрыюць дыскусію» вакол забудовы маляўнічага двара ў цэнтры гораду. Будаўніцтва 12-кватэрнага дому і паркоўкі на прынадным участку можа спрычыніцца да зносу ў будучыні суседніх дамоў, лічаць мясцовыя.

Разам са старым сараем пад знос трапляюць таксама дрэвы. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Утульны стары двор паміж дамамі па Акадэмічнай, 14 ды 1 Мая, 18 ужо неўзабаве можа цалкам змяніць свой выгляд. Сёння тут бегаюць дзеці, трошкі далей – жыхары сушаць бялізну, а пасярэдзіне месціцца прыгожы кветнік, які некалі прызнаваўся лепшым у горадзе.

Аднак, неўзабаве, тут плануюць збудаваць трохпавярховы дом на 12 кватэраў з паркінгам, знесці драўляныя сараі, спілаваць з дзясятак дрэваў. Жыхары дамоў побач – у роспачы.

Жыхары вакольных будынкаў радыкальна супраць новага дому і паркоўкі побач. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Праігнараваныя пратэсты

Кветнікам у двары з пачатку 2000-х займаецца мясцовая жыхарка Людміла Камянкова. Увесну ды ўлетку, калі ўсё квітнее, сюды прыходзяць фатаграфавацца мінакі, нават зазіраюць экскурсіі. Спадарыні Людміле, з ейных словаў, некалі дзякаваў нават старшыня гарвыканкаму Мечыслаў Гой, за працу і грамадзянскую пазіцыю. Цяпер жа вынік 20-гадовых старанняў маюць знішчыць.

«Мы хадзілі ў гарвыканкам, але нам кажуць: «Вы жывяце ў цэнтры гораду, тут зямля дарагая!», – абураецца Людміла Барысаўна, – Зараз яны ўчапіліся ў гэты кавалак зямлі, як пітбуль у горла! Будынак хочуць збудаваць на тры паверхі, а падвалы здаваць у арэнду пад гандаль. Паркінг яшчэ. Вы ўяўляеце, што тут будзе? А нас нібыта няма. Мы – міф! Толькі камуналку плацім…»

Жыхары двара і без таго наракаюць, што зараз тут паркуецца кожны, хто схоча. І таксі, і міліцыянты з УУС, і студэнты Аграрнага ўніверсітэту. У будучым жа месца наагул не застанецца.

У двары і без гэтага паркуюцца міліцыянты, таксісты, студэнты Аграрнага ўніверсітэту. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Слуханні грамадскія? У іх слуханні свае, у «высокіх кабінетах» праходзяць, – падтрымлівае мужчына гадоў пяцідзесяці, – А з людзьмі каб параіцца? Такога і блізка няма. Мы настойваем, што мае быць прыдамавая тэрыторыя, а яны: «Не хвалюйцеся, вам будзе дзе хадзіць». А пасля кажуць яшчэ пра экалогію і камфортнае жытло… Гэта ж пекла будзе!»

Гарвыканкам настойвае

Паводле адказу чыноўнікаў, няма ніякіх перашкодаў для новабуду. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Жыхары вакольных дамоў шматкроць хадзілі на прыёмы ў гарвыканкам, тэлефанавалі, збіралі подпісы, нават пісьмова звярталіся ў Адміністрацыю Прэзідэнта. Улады трымаюцца першапачатковага адказу, які далі гараджанам яшчэ ў 2016-м годзе:

«Гарвыканкам не бачыць падставаў для адмовы ў падрыхтоўцы і правядзенні аўкцыённых таргоў па будаўніцтве малапавярховага шматкватэрнага будынку на зямельным участку».

З таго часу план чыноўнікаў адно набываў канкрэтныя формы. Замоўнікам будаўніцтва выступае гарадзенская кампанія ААТ «Горстройинжиниринг». Згодна ў ужо зацверджаным праектам, тут мае паўстаць будынак, падзелены на жылыя і гандлёвыя плошчы: з першага па трэці паверхі – жылыя, цокальны – пад гандлёвыя склады. Заканчэнне будаўніцтва запланаванае на 2021 год. Усе слуханні ды ўзгадненні скончацца вось-вось – 14 красавіка.

Планы, якія могуць паплыць

Жыхары вакольных будынкаў радыкальна супраць новага дому і паркоўкі побач. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Адметна, што раней вольным сёння ўчастку стаяў будынак ХІХ стагоддзя. На пачатку 2000-х яго прызнаны аварыйным праз расколіны на сценах. Будынак рассялілі, умацавалі падпоркамі, пасля – знеслі. Жыхары добра памятаюць, што ў сутарэннях таго дому заўжды стаяла вада па калена.

«Чаму гэта важна? – тлумачыць мясцовы жыхар, – Тут глебы спецыфічныя, так званы «плывун». Таму і дом той ледзь паспелі знесці, пакуль не рухнуў. Хоць будынак цагляны быў, неблагі. Калі будаваць новае жытло, то трэба забіваць сваі. Ад гэтага ўжо і суседнія дамы, гістарычныя будынкі, могуць трэшчынамі пайсці… Дык што – тады і нас пад знос? Гэта ўжо пытанне сур’ёзнае!»

АК, Belsat.eu

Стужка навінаў