Новы штраф незалежным журналістам з Берасця – больш за 1000 долараў ЗША


За супрацу з Белсатам журналісты з Берасця Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава вымушаны заплаціць дзяржаве 2205 рублёў. Такое рашэнне прыняла 23 кастрычніка суддзя Камянецкага раённага суду Аксана Скель.

Журналістаў аштрафавалі за супрацу з Белсатам без акрэдытацыі паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП. Алесю Ляўчуку суд прысудзіў штраф у памеры 1225 рублёў (50 базавых велічыняў) – гэта максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу. Мілана Харытонова атрымала 40 базавых штрафу – 980 рублёў. Такім чынам за сюжэт пра падрыхтоўку Высокага да «дажынак» журналісты атрымалі штрафы ў памеры 1050 долараў ЗША.

25 кастрычніка журналістаў чакае судовае разбіральніцтва, гэтым разам у судзе Жабінкоўскага раёну. Акрамя таго міліцыянты ўручылі Мілане Харытонавай і Алесю Ляўчуку позву з патрабаваннем 24 кастрычніка з’явіцца ў міліцыю. Журналісты мяркуюць, што на іх будуць складзеныя яшчэ па два пратаколы.

«Адміністрацыйны працэс супраць нас вёўся са шматлікімі парушэннямі: пратакол складзены без майго ўдзелу, дасланы нават не на маё імя і не зарэгістраваны належным чынам. Пра гэта я паведаміла Камянецкаму суду, але суддзю гэта мала хвалюе – яны выконваюць замову зверху», – лічыць Мілана Харытонава.

Тыдзень таму суддзя Жабінкоўскага раённага суду Зміцер Куроўскі прысудзіў журналістам штраф у памеры 70 базавых велічыняў. Такім чынам агулам сума штрафаў за апошнія тыдні Харытонавай і Ляўчуку склала больш за 1800 долараў ЗША. А гэта прыкладна гадавы прыбытак сярэдняга берасцейца.

«Падобна на тое, што ўлады вырашылі знішчаць мяне і маю сям’ю фінансава. 1800 долараў для Беларусі гэта проста касмічныя грошы. Мэта іх, зразумела – зрабіць так, каб я перастаў супрацоўнічаць з Белсатам, а яшчэ лепей з’ехаў з краіны. Але ў іх нічога не атрымаецца», – кажа Алесь Ляўчук.

ХВ, «Белсат».

Стужка навінаў