Новы санкцыйны спіс пакуль у сакрэце. Ці Захад пазбавіць Лукашэнку грошай?


Не толькі забарона ўезду, але і ўдар па гаманцах бізнесоўцаў, звязаных з Лукашэнкам. На такі крок можа пайсці Еўразвяз, каб прымусіць рэжым пачаць перамовы з Каардынацыйнай радай. Свой адказ рыхтуюць і Злучаныя Штаты Амерыкі. Ці эфектыўныя санкцыі ў барацьбе з апошнім дыктатарам Еўропы?

Улады Беларусі працягваюць гвалт, краіны Еўропы – рэагуюць. Да санкцыяў Еўразвязу ў дачыненні 40 беларускіх чыноўнікаў далучылася Швейцарыя. Лепшаму інфармаванню еўрапейцаў аб міліцэйскай сваволі паспрыяла і сустрэча Святланы Ціханоўскай з Ангелай Мэркель на мінулым тыдні.

Гайка Маас, міністр замежных справаў Нямеччыны, заявіў:

«Мы павінны прызнаць, што з часу нашай апошняй сустрэчы нічога не змянілася да лепшага. Рэжым Лукашэнкі працягвае ўжываць гвалт, мы па-ранейшаму бачым арышты мірных дэманстрантаў. Вось чаму нам давядзецца падумаць, як рэагаваць. Я прапанаваў падрыхтаваць яшчэ адзін санкцыйны пакет, і Лукашэнка мусіць быць у гэтым санкцыйным спісе».

Санкцыі як механізм прадугледжаныя дзеля палітычнага ўплыву на іншую краіну мірным шляхам, без узброенага ўмяшання. Візавыя абмежаванні ў 2020-м, аднак, выглядаюць сімвалічна. Нават пасля выбараў 2010-га, калі маштаб рэпрэсіяў быў меншы, адразу пад санкцыі трапілі больш за 150 чыноўнікаў. Затым у спісе было больш як дзве сотні чыноўнікаў і 25 прадпрыемстваў. Што праўда, цяпер мэта заходніх краінаў не ў тым, каб дамагчыся змякчэння палітыкі Лукашэнкі, а прымусіць яго да дыялогу.

Гаворыць Андрэй Елісееў, палітолаг, эксперт даследчых цэнтраў EAST ды iSANS:

«У тых выпадках, калі патрабаванні былі такія, што пагражалі наўпрост трываласці палітычнага рэжыму, то яны не выконваліся. Тут можна згадаць і, напрыклад, патрабаванне правесці адкрытае расследаванне знікненняў палітыкаў на пачатку 2000-х гадоў».

Заўважны эфект далі б кропкавыя санкцыі і супраць асобаў, якія ёсць гаманцамі рэжыму: атрымліваюць ад дзейнае ўлады выгоды для бізнесу ды ўскосна – дапамагаюць утрымліваць сілавікоў. Гаворка перадусім пра блакаванне банкаўскіх рахункаў ды актываў такіх прадпрымальнікаў у Еўропе і ЗША.

Каментуе Улад Кобец, кіраўнік аналітычнай ініцыятывы iSANS:

«Вядома, Еўразвяз можа гэта зрабіць. Беларусі гэта патрэбна, бо такая сістэма нездаровая. Гэтая сістэма падсілкоўвае бандыцкую групоўку, якая захапіла ўладу ў краіне, і чым хутчэйшае, чым мацнейшае будзе гэтае ўздзеянне, тым хутчэй беларускі народ атрымае магчымасць пазбавіцца ад улады, якая прайграла выбары».

У Еўразвязе ўжо заявілі пра намер пашырыць санкцыі не толькі на шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў і Аляксандра Лукашэнку, але таксама – на бізнес, які фінансуе рэжым самаабвешчанага прэзідэнта. Пры гэтым фармулёўкі з умоваю «калі сітуацыя ў краіне не палепшыцца», удалося пазбавіцца ў панядзелак. Лабісты давялі: глядзець варта не на актыўнасць пратэстаў, а на тое, што выбары – не прызнаныя большасцю дзяржаваў, а асобы, адказныя за забойствы, палітзняволеных і працяг катаванняў – застаюцца на пасадах.

Наталля Каляда, кіраўніца Creative Politics Hub, лабістка санкцыяў:

«Мы атрымалі ліст з выбачэннем, і ў дадзенай сітуацыі нам патлумачылі: гэтая фраза цяпер адсутнічае, і Еўразвяз цяпер пачаў рыхтавацца да ўвядзення гэтых санкцыяў».

Каб пакаранне спрацавала, імёны прэтэндэнтаў у санкцыйны спіс будуць захоўваць у сакрэце да прыняцця рашэння, распавяла Наталля Каляда. З практыкі, бізнесоўцы паспяваюць вывесці свае актывы з Еўропы і ЗША, калі ведаюць пра пагрозу фінансавай кары загадзя.

«Нам трэба проста спыніць плынь грошай рэжыму, бо гэткім чынам у нас узнікае сітуацыя, калі рэжыму не застаецца чым выплачваць грошы сілавікам, каб увесь рэпрэсіўны механізм стаяў на вуліцы 24 гадзіны і ціснуў на насельніцтва, якое выходзіць на пратэсты, каб вынікі выбараў былі ануляваныя, каб Лукашэнка сышоў і адбыўся транзіт улады», – працягвае Наталля Каляда.

ВІДЭА
Крэмль у тупіку. Каму Пуцін прадае Лукашэнку?
2020.10.16 13:16

Гэтак, Еўразвяз фактычна пайшоў на эканамічныя санкцыі. Прынамсі камерцыйныя, звязаныя з паслугамі ды гандлем. А ці адважацца еўрапейскія чыноўнікі на больш жорсткія крокі – напрыклад, увядзенне эмбарга на пэўныя тавары ці поўнае прыпыненне гандлю з Беларуссю?

Андрэй Елісееў: «Еўразвяз не будзе ўводзіць шырокіх эканамічных сектаральных санкцыяў, бо гэта супярэчыць пэўным санкцыйным дакументам. Ёсць вельмі канкрэтныя дакументы, якія рэгламентуюць санкцыі, і яны гавораць пра тое, каб санкцыі білі не па насельніцтве краіны, а па тых асобах і арганізацыях, адказных за пэўную непажаданую палітыку».

Дагэтуль дзеюць абмежаванні ЗША ў дачыненні вышэйшых асобаў ды часткова – для айчыннага флагману «Белнафтахіму», уведзеныя пасля 2010 года. Між тым, беларуская дыяспара ў Амерыцы ініцыявала перагляд Акту аб дэмакратыі адносна Беларусі. Законапраект больш жорсткі ў фармулёўках, і нават мае перасцярогі для Уладзіміра Пуціна: гаворка ідзе аб непрызнанні Саюзнай дзяржавы ў выпадку спробаў Расеі скарыстацца палітычным крызісам у нашае краіне.

Кацярына Шмаціна, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў:

«Што важна, нават на фоне дзеянняў адміністрацыі Трампа, якая наўпрост не вельмі асуджае сітуацыю ў Беларусі, бо Трамп – не самы актыўны амерыканскі прэзідэнт, у параўнанні са сваймі папярэднікамі, якія больш актыўна падтрымлівалі Беларусь… Што важна, тое, што гэты акт падтрымліваецца і рэспубліканцамі і дэмакратамі. То бок, дзвюма асноўнымі палітычнымі сіламі ў ЗША, і ў гэтым у іх ёсць кансенсус адносна Беларусі».

Еўразвяз жа мае пашырыць санкцыі цягам шасці тыдняў. Цяпер ідзе праца над праверкаю прэтэндэнтаў у санкцыйны спіс – каб ніводная асоба не трапіла туды памылкова. Гэтак сама вывучаецца і рух грошай, якія трапляюць у беларускую дзяржаву.

Юлія Лабанава для праграмы «ПраСвет»

Фота: Sean Gallup / ddp images / Forum

Стужка навінаў