Новы рэктар ЕГУ распавёў, якія змены чакаюць універсітэт


Сяргей Ігнатаў

Сяргей Ігнатаў быў абраны рэктарам універсітэту яшчэ ў леташнім снежні, аднак грамадскасці гэта не паведамлялі амаль да канца лютага – да завяршэння працэсу акрэдытацыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. І вось цяпер «Белсат» пагаварыў з Сяргеем Ігнатавым.

Пра паляпшэнне іміджу ЕГУ

Каб адзін чалавек паляпшаў імідж універсітэту… Я думаю, што нават універсітэт паляпшае мой імідж (смяецца). Што мы мусім рабіць – працягнуць рэформы, якія пачалі мае папярэднікі. Зрабіць усё, каб неяк дыслацыраваць універсітэт на новым месце, бо з новым кампусам, які будзе ў цэнтры старога гораду, у нашага ўніверсітэту будзе новая цана – не толькі матэрыяльная, але і духоўная. Асноўнае для паляпшэння іміджу – акадэмічная праца. Гэта навучанне, даследаванні, падрыхтоўка нашых выпускнікоў, каб яны споўнілі ўсе чаканні грамадства, перадусім Беларусі. Імідж павышаецца штодзённай працай.

Ці з’явяцца новыя навучальныя праграмы

Могуць з’явіцца новыя праграмы, але гэта залежыць і ад жадання нашых выкладчыкаў. Таму што рэктар і адміністрацыя можа дапамагаць, нешта прыдумляць, але ўсё ж такі ўся душа ўніверсітэту – гэта студэнты і выкладчыкі. Я думаю, што могуць з’явіцца новыя праграмы, мы нават абавязаныя прапанаваць нешта новае.

Што будзе з закрытымі раней беларусістыкай і паліталогіяй

Я вельмі спакойны, таму што праграмы і дэпартаменты – не статычныя структуры. Закрытыя, бо калісьці не было попыту, і калі само жыццё запатрабуе, то адкрыюцца і з новай якасцю.

Калі будзе згода, мы пойдзем на палітыку інтэрнацыяналізацыі ўніверсітэту. Мы мусім зрабіць такія новыя якасныя праграмы, каб тут з’явіліся студэнты не толькі з Беларусі, але і з іншых краінаў. Гэта палепшыць нашыя пазіцыі ў фінансавым плане.

«Я аптыміст»

Па-першае, я аптыміст. Я думаю, што будзе ўзаемна карысна: я сваім досведам, і тут магу шмат чаму навучыцца. У ЕГУ вялізны досвед, яго можна раздзяліць на два перыяды: менскі і тое, што зроблена ў Вільні – на працягу 12 гадоў прайшло навучанне больш студэнтаў, чым у Менску. Паколькі гэта вельмі важны такі «трансатлантычны» праект, я буду тут у якасці рэктара, так і студэнта адначасова. Усё ж такі іншае асяроддзе.

Універсітэт – гэта першая інстытуцыя, што з’явілася ў свеце, якая яшчэ з моманту свайго стварэння разбурае межы і стварае новаю прастору. Таму я думаю, што сапраўдны ўніверсітэт павінен быць у нейкай ступені інтэрнацыянальны.

Інтэрнацыяналізацыя ўніверсітэту

Паколькі наш універсітэт беларускі, то зменаў для студэнтаў з Беларусі не будзе. Думаю, для іншых, замежнікаў, будзе тая аплата, якая вызначаная цяпер. Калі ў будучыні мы зможам дасягнуць, каб былі студэнты з розных краінах, гэта створыць умовы фінансавай стабільнасці, але самае галоўнае, што студэнты, кантактуючыся паміж сабой, атрымліваюць адзін ад аднаго адказы на шмат якія пытанні, якія не трэба задаваць у аўдыторыі. Гэтая камунікацыя стварае іншую якасць навучання і іншую карціну свету.

Этнічная замкнутасць – не ёсць добра. Асабліва ва Усходняй Еўропе ёсць праблемы ўніверсітэцкага навучання. Яны звязаныя з тым, што мы жывем у глабальным свеце, і ўніверсітэты, якія маюць рэгіянальнае панаванне, гэтае панаванне губляюць. Студэнты па розных прычынах ездзяць туды-сюды, вучацца ў розных універсітэтах. Калі ў гэтай глабальнай сітуацыі абмену студэнтамі, выкладчыкамі, донарамі паспрабуеш замкнуць сябе, гэта значыць, што ў цябе няма ніякай будучыні. Калісьці Албанія была такой закрытай.

«Я даўно змагаюся за пазітыў гуманітарных ведаў»

Мяне выключна зацікавіла самое імя ўніверсітэту – Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Я сам у якасці егіптолага з’яўляюся прадстаўніком гэтай супольнасці і магу сказаць, што маё сказаць маё сэрца пакутуе з-за становішча гуманітарных ведаў, гуманітарнай навукі ва ўсім свеце. З пачатку 1990-х адбываецца тэхналагічны бум, усе сталі гаварыць, што нам патрэбныя інжынеры, матэматыкі, фізікі, хімікі. А гуманітарная навука – першая, якая існавала ў свеце – аказалася недзе там, за вуглом. І я даўно пачаў змагацца за пазітыў гуманітарнай веды, бо я ўпэўнены, што ў XXI стагоддзі мы патрабуем людзей-«візіянераў». Іх ствараюць гуманітарныя веды. Самае галоўнае, што праз 15 гадоў 47 % сусветнай эканомікі будуць аўтаматызаваныя. Гэта значыць, што будзе крызіс Homo sapiens, і нехта мусіць зразумець гэтага чалавека. Вось я вырашыў кінуць свае сілы ва ўмацаванне гуманітарных ведаў, і ЕГУ для гэтага добрая магчымасць.

Ганна Русінава, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары