Трамп будуе «Новы парадак» супраць Расеі, Кітаю ды Ірану


Дзяржаўны дэпартамент анансаваў план ліберальнай перабудовы свету: на аснове незалежных дзяржаваў, з меншаю роляю міжнародных інстытутаў, для жыцця ў дабрабыце і без войнаў. Злучаныя Штаты захаваюць глабальнае лідарства.

Майк Пампэёў, які прыляцеў у Брусель пераканаць калегаў па блоку NATO ўзмацніць выдаткі на абарону, у адмысловай прамове раскрытыкаваў ААН, як павольную і неэфектыўную арганізацыю, ды паабяцаў новы дэмакратычны сусветны парадак ад Доналда Трампа. Паводле дзяржсакратара ЗША, Вашынгтон будзе ўзмацняць ці адмяняць міжнародныя пагадненні, каб спыніць Расею, Іран і Кітай, якіх Пампэёў назваў «bad actors» – тэрмін, які можна перакласці, як «ненадзейны, небяспечны чалавек», ці нават «злы сабака».

Паводле Майка Пампэёў, пасля сканчэння Халоднай вайны Злучаныя Штаты дазволілі «іржавець» усталяванаму дэмакратычнаму парадку. І гэтым скарысталіся «bad actors»: Расея ўварвалася ў Грузію і Украіну, Іран скарыстаўся даверам ААН і заходніх краінаў для таемнай распрацоўкі ракетна-ядравай праграмы, а Кітай карыстаецца эканамічным ростам для ўмацавання дыктатуры, масава крадзе чужыя тэхналогіі і парушае правілы свабоднага рынку.

3 снежня 2018 г., Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэёў па дарозе ў Брусель. Фота – https://twitter.com/SecPompeo

«У лепшых традыцыях нашай дэмакратыі мы з’яднаем шляхетныя народы, каб пабудаваць новы ліберальны парадак, які перадухіліць вайну і прынясе яшчэ большы росквіт», – заявіў дзяржсакратар ЗША дыпламатам і афіцыйным асобам на канферэнцыі Нямецкага фонду Маршала ў Бруселі.

«Амерыка перадусім» – гэта адзін з выбарчых слоганаў, які дапамог Доналду Трампу заняць Белы Дом і сфармаваць сваю Адміністрацыю. Былы бізнесовец абяцаў амерыканцам палітыку эканамічнага ізаляцыянізму і скарачэнне выдаткаў на замежную палітыку і NATO.

Але, як мяркуе Майк Пампэёў, першыя 2 гады прэзідэнцтва Трампа выразна паказалі, што ён не адмаўляецца ад лідарства ЗША ў свеце. Хаця часам еўрапейскія саюзнікі папракаюць Вашынгтон у недастатковых дзеяннях у абароне рэгіянальнай бяспекі. Сёння Дзяржсакратар заявіў, што Злучаныя Штаты цалкам законна выходзяць з састарэлых ці шкодных міжнародных дамоваў, якія не адпавядаюць інтарэсам амерыканцаў і іх саюзнікаў. І гэтая практыка працягнецца.

Самая злабадзённая дамова, з якой Злучаныя Штаты рыхтуюцца выйсці – ДРСМД, Дамова аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і малой дальнасці, падпісаная яшчэ ў 1987-м годзе Міхаілам Гарбачовым і Роналдам Рэйганам. ЗША і СССР дамовіліся не вырабляць, не выпрабоўваць і не разгортваць балістычныя і крылатыя ракеты наземнага базавання сярэдняга (1000 – 5500 км) і малога (500–1000 км) радыусу дзеяння.

Ракеты «Іскандэр-М» на ўзбраенні расейскіх узброеных сілаў. Фота – defpost.com

Аднак Масква парушыла дамову яшчэ пры адміністрацыі Барака Абамы, размясціўшы ў Калінінградскай вобласці комплексы «Іскандэр», здольныя несці як крылатыя, так і балістычныя ракеты, паставіўшы пад пагрозу ядравага ўдару шэраг еўрапейскіх сталіцаў. Таксама ў ЗША лічаць парушэннем выпрабаванні балістычнай ракеты «Ярс-М», якая пераадолела 5800 км, чым дасягнула статусу міжкантынентальнай.

Падтрыманне еўрапейскіх партнёраў у пытанні ДРСМД – адная з мэтаў візіту Дзяржсакратара ў Еўразвяз. Сёння блок NATO афіцыйна абвесціў Расею парушальніцай Дамовы за распрацоўку і выпрабаванне балістычных ракетаў.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Стужка навінаў