Новы кліп супраць заводу: «Пазбаўлю Берасце ад бяды і ад свінцу»


Са словаў актывістаў, мэта кліпу – не даць запусціць завод, які пабудаваны недалёка ад Берасця.

Новы кліп – гэта кавэр на песню «Плакала» вядомай украінскай групы «KAZKA». У ёй актывісткі руху супраць акумулятарнага заводу плачуць і спяваюць тэкст, які кажа аб небяспецы якую нясе будаўніцтва заводу. У песні ёсць такія словы:

«Пазбаўлю Берасце ад бяды і ад свінцу, за год ужо стаміліся»

«Мая сям’я жыве і будзе жыць, бо гэта мая зямля»

«І галубы краіны на дапамогу нам прыйшлі, каб дзеці нашыя больш не плакалі»

Нагадаем, з лютага мінулага года жыхары Берасця і Берасцейскага раёну пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу недалёка ад гораду. Было сабрана больш за 40 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва заводу, але ўлады ігнаруюць гэтае меркаванне. За год пратэсту было забаронена правядзенне 55 мітынгаў, 8 дэманстрацыяў і 12 пікетаў, а таксама правядзення мясцовага рэферэндуму. Таму людзі збіраюцца на цэнтральнай плошчы Берасця і кормяць галубоў, але і тут улады ўжываюць рэпрэсіі. Многіх удзельнікаў кармленняў галубоў затрымлівала міліцыя, людзі атрымлівалі штрафы ды содні ў ізалятары. А кожнае зʼяўленне журналістаў «Белсату» на плошчы караецца вялікімі штрафамі.

З 11 па 22 лютага адбываецца дзяржаўная прыёмка заводу, афіцыйна запрацуе офіс і кацельня. Па словах актывістаў, плануецца выпусціць на заводзе і першы акумулятар. Пакуль дакладнай інфармацыі на гэты конт прадстаўнікі «Айпауэр» не даюць.

17 сакавіка мінулага году актывісты выпусцілі першы кліп на песню «Жыць», ён адразу стала неафіцыйным гімнам пратэсту. Цікава, што кавэр не песню «Плакала» паралельна выпусцілі і ва Украіне – там кліп прысвечаны выбарам прэзідэнта.

СА/Belsat.eu

Стужка навінаў