Новы кіраўнік Міністэрства аховы здароўя абяцае зрабіць працу ведамства больш адкрытай


У новага міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка ёсць профіль у Facebook. Ён сумняецца, што будзе выкарыстоўваць яго ў працоўных мэтах, але абяцае зрабіць працу Міністэрства аховы здароўя больш адкрытай, «каб рэалізаваць правы грамадзянаў на атрыманне аператыўнай і дакладнай інфармацыі», піша TUT.BY.

«Трэба разумець, што мы ўсе – дзяржслужбоўцы. Ёсць дакладныя механізмы ўзаемінаў са СМІ. Але гэта ні ў якім разе не сведчыць пра нейкую закрытасць. Мы будзем і далей дэманстраваць поўную адкрытасць. Facebook – гэта ўсё ж такі сацыяльная сетка, якая тычыцца майго асабістага меркавання і маіх асабістых уражанняў. Для таго каб давесці да ведама мой пункт погляду як службовай асобы, ёсць прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, афіцыйны сайт ведамства. Для гэтага ладзяцца такія сустрэчы з журналістамі», – заявіў Уладзімір Каранік.

Новы міністр распавёў, што плануе пашырыць практыку брыфінгаў па пытаннях, якія хвалююць грамадства і ўяўляюць найбольшую цікавасць для СМІ.

На папярэдняй пасадзе, прызнаўся Уладзімір Каранік, да яго можна было трапіць як у прыёмныя, так і ў непрыёмныя гадзіны, а яго нумар мабільнага тэлефона ведалі абсалютна ўсе супрацоўнікі ўстановы.

«Тут не абяцаю, што ўся краіна будзе ведаць нумар майго мабільнага тэлефона. Але, думаю, ёсць неабходнасць у стварэнні механізмаў наўпроставай сувязі, каб людзі маглі данесці сваю боль у цяжкіх сітуацыях кіраўніцтву. Мы будзем гэта абмяркоўваць і працаваць над больш высокай адкрытасцю, каб рэалізаваць правы грамадзянаў на атрыманне аператыўнай і дакладнай інфармацыі», – адзначыў Уладзімір Каранік.

Лукашэнка прызначыў кіраўніка МУС і змяніў міністра аховы здароўя

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары