Новы кінаатракцыён у Менску

Тэхналогія «ScreenX» зрабілася даступная для беларусаў

31 жніўня адбыліся першыя паказы кіно для шырокай аўдыторыі ў новым фармаце. І цяпер яны працягваюцца, некалькі сеансаў на дзень. Сеансы арганізавала прыватная сетка кінатэатраў «Silver Screen». Адмысловую залу пабудавалі ў кінатэатры «ВОКА» ля метро «Усход».

Што такое «Скрын ікс»?

Гэта пашырэнне межаў звыклых адчуванняў і ўражанняў для гледача! Нават можна сказаць: новы ўзровень трапляння ў фільм з аглядам на 270 градусаў. Сама зала для прагляду ў гэтым фармаце абсталяваная пяццю праектарамі і трыма экранамі (цэнтральны і два бакавых). У гледача падключаецца перыферыйны зрок, і мы атрымліваем нібы «эфект асабістай прысутнасці» унутры падзеяў фільма.

Алег Тронік

На мае пытанні адказаў выканаўчы дырэктар сеткі кінатэатраў Silver Screen cinema Алег Тронік:

– Калі і навошта вы пастанавілі ўсталяваць «Скрын ікс» у Менску?

– Мы спрабуем крочыць у нагу з актуальнымі трэндамі сучаснай кінаіндустрыі. Так атрымалася і на гэты раз: наш кінатэатр – першы ў краінах усходняй Еўропы і СНД. Мы – прадпрымальнікі, таму нам важна, што менавіта тут наведнікі змогуць атрымаць абсалютна новы досвед. У бліжэйшы час «Скрын ікс» адкрыюць у Маскве і ў Кіеве.

– А дзе гэта ўжо ёсць?

– Цяпер тэхналогія Скрын ікс усталяваная ў 220-ці залах розных краін свету. У прыватнасці, 90 экранаў працуюць у Паўднёвай Карэі, 73 – у Кітаі, 20 – у Злучаных Штатах, 12 – у Англіі. Таксама тэхналогія прадстаўлена ў Турцыі, Японіі, Швейцарыі, Францыі, Вʼетнаме, Іспаніі, Польшчы (Cinema City ў Варшаве), Венгрыі, ААЭ, Кувейце, Тайландзе, Інданезіі, Ізраілі, Канадзе.

– Ці падабаецца гэта асабіста вам і якія пачуцці выклікае фільм у такім фармаце?

– Трэба разумець, што фільмы, якія выходзяць у новай тэхналогіі, прызначаныя забаўляць гледача. Зараз у гэтым фармаце ідзе «Чалавек-павук: удалечыні ад дому». Гэта немудрагелістая, але добрая і сумленная гісторыя пра вечныя каштоўнасці. У самыя захапляльнае моманты ўключаюцца бакавыя экраны, што цалкам апускае вас у гушчу падзеяў і спецэфектаў: вы нібы самі змагаецеся з дрэннымі персанажамі або дзівіцеся з панарамных здымкаў Венецыі. Вядома, падабаецца! Адназначна, гэта варта ўбачыць. З нецярпеннем чакаем фільма «Яно», спрачаемся ці будзе яшчэ страшней?

***

Мае асабістыя ўражанні досыць супярэчлівыя. З аднаго боку «Чалавек-павук: удалечыні ад дому» – гэта падлеткавы блокбастар, які занадта просты для дарослага чалавека, але, з іншага боку, спецэфекты ў гэтым Марвел-хіце зачароўваюць.

Плануецца, што новы фільм у фармаце «Скрын ікс» будзе зʼяўляцца на экранах штомесяц.

Сяргей Філімонаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў