Новы год у крэдыт. Чаму беларусы настолькі шмат пазычаюць грошай у банках і што з гэтым рабіць?


Сярэдні беларус выдаткаваў сёлета на навагоднія святы суму, якая складае больш за палову штомесячных выдаткаў звычайнай сям’і.

Такія лічбы даюць вынікі апытання, праведзенага аналітыкамі кампаніі Picodi.com. Паводле іх, нашы суграмадзяне былі гатовыя выдаткаваць на калядны настрой прыблізна 649 рублёў. Пры гэтым у сталіцы навагоднія выдаткі павялічваліся да 767 рублёў, а жыхарам меншых гарадоў хапала і 564-х.

З гэтай сумы на падарункі сярэднестатыстычны беларус планаваў вылучыць са свайго бюджэту 234 рублі. Яшчэ 240 рублёў планаваліся на святочны стол. Яшчэ 175 рублёў беларусы былі гатовыя выдаткаваць на святочныя строі і іншы навагодні аўтфіт.

Па апошнім дадзеным «Белстату», сярэднестатыстычная сям’я на месяц траціць у сярэднім 1133,1 руб. То бок, за святы адзін чалавек патраціў больш за палову месячных выдаткаў цэлай сям’і.

Тое, што беларусы выдаткавалі на навагоднія святы даволі вялікія сумы, пацвердзіў Belsat.eu намеснік дырэктара брокерскай кампаніі procredit.by Сяргей Салейка.

– Попыт перад святамі павялічыўся адназначна. Таксама павялічылася і прапанова, бо ў некаторых банках напрыканцы года засталіся вольныя сродкі, якія яны актыўна ўцягвалі ў абарот ды «раздавалі», – адзначыў ён.

Пры гэтым беларусы сталі значна менш звяртацца па пазыкі ў ламбарды. Прынамсі ў сетцы ламбардаў ТАА «ВІСЕМ» не зафіксавалі росту попыту на іх паслугі ў снежні. Як распавялі ў кампаніі карэспандэнту Belsat.eu, апошнім часам беларусы сталі «нашмат менш» звяртацца ва ўстановы кампаніі. Прычыны значанага падзення попыту на паслугі ламбардаў у кампаніі звязваюць з ростам папулярнасці картак растэрміноўкі, кшталту «Халва» ці «Чарапаха».

Як патлумачылі Belsat.eu у МТБанку, хоць такія карткі і не дазваляюць здымаць грошы ці аплачваць паслугі ў ЕРІП ці крэдыты, але з іх дапамогай можна адтэрмінаваць аплату і без працэнтаў набыць нейкі тавар, пры гэтым выплачваюцца адтэрмінаваныя выплаты па частках. Каштуе такая паслуга толькі 9,9 рубля на год. А працэнты з’яўляюцца толькі ў выпадку, калі не ўнасіць грошы ў пэўны тэрмін.

Па дадзеных Нацбанку, на 1 снежня 2018 года беларусы былі вінныя банкам крэдытаў на рэкордныя 11,38 млрд рублёў. За лістапад агульная сума крэдытаў насельніцтву павялічылася на 216,3 млн рублёў. Сярод гэтай сумы даўгі грамадзянаў па спажывецкіх крэдытах павялічыліся на 108,5 млн рублёў і цяпер складаюць 4,28 млрд.

Разам з тым, як заявіў у размове з Belsat.eu старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб, гэтыя рэкордныя 11,38 млрд рублёў дастаткова сціплыя ў параўнанні як з суседнімі краінамі, гэтак і ў дачыненні да сукупнага ўнутранага прадукту Беларусі.

– Увогуле рост крэдыту – гэта нармальная з’ява. Я не думаю, што зараз гэты рост чамусьці пагражае, – адзначыў аналітык.

На яго думку, такі рост зʼяўляецца следствам росту рэальных даходаў насельніцтва. З аднаго боку, людзі сталі больш упэўнена глядзяць у заўтрашні дзень, што дазваляе ім браць крэдыты. З другога – яны сталі больш прывабнымі як крэдытаатрымальнікі для банкаў.

Але эксперт прызнаў, што неўтаймаваны рост крэдытавання ў будучым можа стварыць праблемы. З гэтай нагоды Вадзім Іосуб нагадаў, што Нацбанк з траўня 2018 года абмежаваў магчымую крэдытную нагрузку на чалавека ў памеры 40% ад яго даходу.

– Па сутнасці, абмежаваў колькасць крэдытаў кожнаму канкрэтнаму чалавеку ў шчыльнай увязцы да ягоных даходаў. Каб пасля не апынулася, што большая частка заробку чалавека сыходзіць на вяртанне крэдытаў, якія ён, не думаючы, набраў, – адзначыў суразмоўца.

Па прагнозах эксперта, у гэтым годзе даўгі па крэдытах працягнуць павялічвацца – хоць і не так хутка, як гэта было ў 2018-м.

Hавiны
«Беларусбанк» прыбраў крэдыты на набыццё кватэраў, бо ў яго скончыліся танныя грошы?
2018.11.09 13:33

МГ/belsat.eu

Стужка навінаў