Выйшаў адмысловы выпуск часопіс «Архэ», прымеркаваны да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
Унікальнасць нумара ў тым, што ён, у адрозненне ад звычайных нумароў гістарычнага выдання, амаль цалкам складаецца з гістарычных фота.
«Гэта цалкам аўтэнтычныя выявы, з якіх прыкладна 50 адсоткаў раней не надрукаваліся», – кажа галоўны рэдактар часопісу Валер Булгакаў.
Часопіс поўнакаляровы, у глянцы і на крэйдаванай паперы.
«Па сутнасці гэта фотаальбом. Адпаведна, яго фармат выдання быў значна павялічаны. У ім друкуюцца сотні толькі аўтэнтычных фотарэпрадукцый, якія ілюструюць розныя аспекты дзейнасці БНР: партрэты яе лідараў, рознага кшталту дакументы, у тым ліку ўстаўныя граматы, пашпарты, адозвы, абвесткі. Даюцца факсіміле пячатак, марак, паштовак, і іншай аўтэнтычнай атрыбутыкі», – гаворыцца на сайце часопіса.
У 100-старонкавым часопісе раскрываюцца тэмы, якія застаюцца надзвычай актуальнымі ў Беларусі і праз сто гадоў: беларуская мова як мова ўрадавых актаў, уніформа і знакі адрознення беларускіх вайскоўцаў, беларуская нацыянальная сімволіка, і г.д.
Супрацоўнікі рэдакцыі паведамляюць, што часопіс ужо можна сустрэць у продажы ў Менску.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu