Новая ваенная стратэгія Пуціна ў Беларусі. Ці Лукашэнка запрасіў «зялёных чалавечкаў»?


Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін каментуе, што стаіць за візітам Сяргея Шайгу ў Менск праз два дні пасля сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным у Сочы.

З чым Шайгу прыехаў да Лукашэнкі?

Вельмі сур’ёзная справа, калі міністр абароны супердзяржавы прыязджае да прэзідэнта маленькай дзяржавы. Для гэтага неабходныя важныя акалічнасці. Перш за ўсё, гэта змена стратэгіі супрацы. Раней Беларусь даволі неахвотна прымала расейскія вучэнні, каб не турбаваць сваіх суседзяў, з якімі яна намагалася падтрымліваць добрасуседскія стасункі. Цяпер на прапанову Лукашэнкі вучэнні на тэрыторыі Беларусі будуць праводзіцца ледзь не кожны месяц. І гэта вельмі сурʼёзнае змяненне стратэгіі. Рэч у тым, што кантынгент расейскіх войскаў можа быць на нашай тэрыторыі паводле заканадаўства два месяцы. Калі гэта ўлічыць, атрымліваецца, што ўвесь час на нашай тэрыторыі будуць прысутнічаць расейскія войскі. Адны не паспелі зʼехаць, прыязджаюць іншыя. Адначасова будзе заставацца вялікі кантынгент. Гэта чымсьці падобна да размяшчэння вайсковай базы на ратацыйнай аснове. Пастаянна тут будуць размяшчацца расейскія войскі. Гэта цалкам змяняе геапалітычную і ваенна-стратэгічную сітуацыю ў нашым рэгіёне.

Адкуль гэта новая тактыка, які яна мае сэнс? Не падобна да таго, што NATO і амерыканцы робяць у Польшчы?

Расейскія вайсковыя эксперты так і кажуць: гэта амаль аналагічна стратэгіі NATO у Польшчы і краінах Балтыі – размяшчэнне кантынгенту на ратацыйнай аснове. Гэта трэба разглядаць як рэакцыю на дзеянні NATO. Калі раней Беларусь дзеля падтрымання добрых стасункаў з суседзямі не ішла на такі крок, а Расея не патрабавала, то цяпер Лукашэнка практычна сам прапанаваў. Помста гэта ці не, але гэтая прапанова – звышнезадаволенасць палітыкаю суседзяў.

Ці азначае гэта, што напружанне на мяжы Беларусі і ЕЗ будзе расці?

Думаю, што ўзрасце шматкроць. Бо калі раней былі папярэджанні, тлумачэнне, які характар носяць вучэнні, колькі тэхнікі, то цяпер, як я разумею, гэта ўсё будзе праводзіцца без аглядкі на заклапочанасць нашых суседзяў, паводле сакрэтнага плану, якога мы не ведаем. Яго будзе распрацоўваць Шайгу разам са сваймі генераламі, беларускім Міністэрствам абароны і генеральнымі штабамі абедзвюх краінаў.

Ці не азначае гэта, што Лукашэнка фактычна сам запрасіў «зялёных чалавечкаў» у Беларусь, і гэта сапраўдная небяспека для нашай незалежнасці або рэшткаў незалежнасці, якія Лукашэнка яшчэ не паспеў прадаць?

У Расеі стратэгі вельмі хітрыя. Яны разумеюць, што калі тут будуць размяшчацца «зялёныя чалавечкі», то гэта дадаткова выкліча абурэнне сярод пратэстоўцаў. Замест таго, каб супакойвацца, сітуацыя будзе абвастрацца. У Расеі хочуць, каб усё праходзіла паступова, каб уцягванне Беларусі не адбывалася так рэзка, каб шараговыя грамадзяне гэтага не выявілі. Я думаю, што мы не ўбачым рэзкага скачка, як гэта адбылося ў Крыме. Гэта будзе адбывацца на працягу доўгага часу.

Гэта значыць, такая паўзучая паступовая анексія. Было яшчэ цікавае пытанне на сустрэчы Лукашэнкі і Шайгу: нібыта Лукашэнка прасіў Шайгу пра канкрэтную зброю. Мы ведаем, што гэта за зброя? І ці праўда, што Пуцін яе не даў Лукашэнку?

Пуцін адаслаў Лукашэнку да Шайгу, каб Шайгу на месцы разам з беларускімі генераламі вызначыўся адносна тыпаў зброі, колькасці і месца размяшчэння. Калі меркаваць паводле просьбаў беларускага Міністэрства абароны ў апошнія гады, магчыма, гэта будуць зенітна-ракетныя комплексы С-400. Не выключаю, што гэта могуць быць аператыўна-тактычныя комплексы «Іскандэр» у экспартным выкананні. Па сваёй беднасці мы прасілі, прасілі, але Расея нам не давала. Цяпер характар супрацы змяняецца такім чынам, што Расея гатовая зрабіць усе, каб зрабіць непрыемнасць суседнім краінам NATO.

Гэта значыць, Пуцін можа даць Лукашэнку «Іскандэры»?

Можа.

Ці павінны ЕЗ і NATO адрэагаваць на падзеі ў Беларусі і на змены стратэгіі?

Гэта правакацыя, таму яны павінны паводзіць сябе асцярожна. Яна можа выклікаць абвастрэнне сітуацыі. Трэба паводзіць сябе вельмі мудра і ўзважана. Сачыць за захадамі расейскага боку, але не рабіць рэзкіх крокаў. Бо гэта на руку асобам, якія зусім не зацікаўленыя ў лёсе Беларусі.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 17.09.2020

Іншыя тэмы выдання:

Калаж з фота: POOL New / Reuters / Forum

Стужка навінаў