Новая Атаманская імперыя? Чаго шукае Турцыя ў новай армянска-азербайджанскай вайне?


З 27 верасня працягваюцца цяжкія баі паміж азербайджанскімі ды армянскімі войскамі ў раёне Нагорнага Карабаху. Абодва бакі выкарыстоўваюць беспілотнікі, артылерыю, танкі і ракетныя комплексы. У той час, калі Расея, хаўруснік Арменіі ў АДКБ, не выказваецца яўна на карысць Баку ці Еравану, Турцыя ўсё больш адкрыта і рашуча падтрымлівае Азербайджан.

Якія мэты можа мець Анкара ў новым канфлікце каля яе межаў?

Ваенна-эканамічны альянс

Турцыя і Азербайджан, дзве культурна даволі блізкія мусульманскія цюркамоўныя краіны, падпісалі пагадненне пра стратэгічнае партнёрства і ўзаемную дапамогу яшчэ ў 2010 годзе, прычым значная ўвага ў дакуменце надавалася якраз вайскова-палітычнай і вайскова-тэхнічнай супрацы.

Мужчына, які страціў дом у выніку ўдару азербайджанскай арміяй, трымае абломкі ракеты. Вёскі Мартуні ў Нагорным Карабаху, 1 кастрычніка 2020 г.
Фота: Celestino Arce Lavin / Zuma Press / Forum

Азербайджанскія афіцэры праходзяць падрыхтоўку ў турэцкіх вайсковых навучальных установах, Анкара прадае Баку прадукцыю свайго вайскова-прамысловага комплексу – ад аўтамабіляў і ракетаў да баявых беспілотных апаратаў.

У адказ Азербайджан афіцыйна выказваўся на карысць ваенных аперацыяў Турцыі ў Сірыі, а таксама падтрымаў Анкару ў яе спрэчках з Грэцыяй і Кіпрам.

Hавiны
Данбас у Міжземным моры: чаму Кіпр блакаваў санкцыі ЕЗ супраць Лукашэнкі?
2020.10.03 13:30

Акрамя таго, Азербайджан стаў у жніўні 2020 года асноўным пастаўніком прыроднага газу ў Турцыю, што адпавядае імкненню апошняй зніжаць залежнасць ад паставак газу з Расеі.

У сваю чаргу Турцыя неаднаразова заяўляла пра непахіснае падтрыманне тэрытарыяльнай цэласнасці Азербайджану ў пытанні Нагорнага Карабаху.

Шмат франтоў гібрыднай вайны

Але не толькі шматгадовыя сувязі з Баку спрыяюць незвычайнай антыармянскай актыўнасці Турцыі. Акрамя сумнай некалькісотгадовай гісторыі турэцка-армянскіх дачыненняў, якія падчас Першай сусветнай вайны дайшлі да ступені масавага знішчэння армянскага насельніцтва туркамі, змяніўся фармат адносінаў Турцыі з Расеяй – галоўным хаўруснікам Арменіі.

З верасня 2015 года, калі расейскія войскі ўвайшлі ў ахопленую грамадзянскай вайной Сірыю, турэцкія інтарэсы ва ўсім рэгіёне пачалі часта сутыкацца з расейскімі.

Апублікаваны 2 кастрычніка здымак жылога дому ў Сцепанакерце (Нагорны Карабах). Давід Гахраманян / Армянскі адзіны Інфацэнтр / REUTERS ATTENTION

Прычым справа дайшла нават да непасрэдных сутыкненняў – у лістападзе 2015 года турэцкі знішчальнік атакаваў і збіў расейскі бамбавальнік Су-24, у выніку чаго загінуў адзін з пілотаў, а падчас ратавальнай аперацыі – яшчэ адзін расейскі вайсковец.

Потым прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт Турцыі Тайіп Эрдаган сустракаліся і паціскалі адзін аднаму рукі, аднак гэта ніяк не развязала стратэгічных супярэчнасцяў дзвюх дзяржаваў.

Новым фронтам, дзе Масква і Анкара сутыкнуліся, стала Лівія, там Турцыя і Расея фактычна правялі паміж сабою яшчэ адну вайну рукамі мясцовых узброеных фармаванняў, якім перадавалі сваю зброю, інструктараў і наймітаў.

Слава султанаў

Назіральнікі звязваюць рост замежнапалітычнай актыўнасці Турцыі з тым, што атрымала назоў «ідэалогііі неаатаманізму», – то бок ідэі адраджэння імперскай велічы Атаманскай Порты 16–19-х стагоддзяў.

Менавіта з гэтай ідэалогіяй у спалучэнні з так званым мяккім ісламізмам звязваюць палітыку Партыі справядлівасці і развіцця Тайіпа Эрдагана. Жаданне адрадзіць веліч колішняй шматэтнічнай імперыі ў новым выданні вядзе Турцыю ў апошнія гады да значна больш актыўнай і нават агрэсіўнай замежнай палітыкі і да нашмат меншай залежнасці ад меркаванняў сваіх партнёраў у Еўразвязе і NATO.

Вайсковая тэхніка ў Нагорным Карабаху.
Фота: Meinrad Schade / Anzenberger / Forum

Сутыкненне двух аўтарытарных палітычных рэжымаў, кожны з якіх імкнецца весці больш актыўную замежную палітыку і кантраляваць адныя і тыя ж рэгіёны, ставіць перад Крамлём пытанне рубам – як адказваць на пазіцыю Анкары ў тым жа армянска-азербайджанскім канфлікце.

Расеі давядзецца альбо разгортваць і фінансаваць чарговую ваенную групоўку кшталту сірыйскай і лівійскай для дапамогі свайму хаўрусніку ў АДКБ, альбо рабіць стаўку на супрацу з мірнымі ініцыятывамі Захаду, што можа азначаць зніжэнне міжнароднага аўтарытэту Крамля.

Дарэчы, і беларусы змогуць паглядзець, наколькі сяброўства ў АДКБ і хаўрусніцтва з Масквой дапаможа Арменіі. І зрабіць адпаведныя высновы.

belsat.eu

Стужка навінаў