Новае жыццё гарадзенцаў у Кракаве: «Тут беларусы дапамагаюць беларусам»


Аляксандр Куваннікаў, былы работнік гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», з’ехаў з сям’ёй у эміграцыю. Яму 39 гадоў, ён працаваў чысцільшчыкам абсталявання і адзін пачаў забастоўку на прадпрыемстве. Праз тыдзень быў звольнены паводле артыкулу за невыкананне службовых абавязкаў. Яшчэ праз некалькі тыдняў Аляксандр разам з жонкай і чатырма дзецьмі перад закрыццём мяжы з’ехаў у Польшчу. А пасля навагодніх святаў адазваўся і распавёў, як ягоная сям’я ўладкавалася на чужыне.

– У вас чацвёра дзяцей, і вы рашыліся ўсё пакінуць ды з’ехаць за мяжу. Не было іншага выйсця ці проста хацелася змяніць краіну?

– У нас былі сур’ёзныя прычыны для гэтага. Па-першае, жонку хацелі прыцягнуць да адказнасці паводле крымінальнаму артыкулу за нібыта арганізацыю масавых мерапрыемстваў. Яе затрымлівалі падчас акцыяў і судзілі паводле 23.34. Мяне таксама судзілі, і потым я даў некалькі інтэрв’ю, пасля чаго дырэктар прадпрыемства ды ягоны намеснік трапілі ў «чорную кнігу».

Юрысты мне патлумачылі, што яны могуць са мною судзіцца. А гэта азначала, што мяне прыцягнуць да адказнасці. Хаця мяне і так ужо судзілі паводле 23.34, а яшчэ наведваўся ўчастковы і складаў пратакол за вывешаны сцяг на гаўбцы.

Аляксандр Куваннікаў. Фота з сямейнага архіву

Мы з жонкай адчулі, што над намі навісае чорная хмара, і вырашылі з’ехаць. Цяпер, калі глядзім навіны з Беларусі, то пераконваемся, што зрабілі правільна.

Узялі з сабою тры вялікія торбы і пяць заплечнікаў. Усё, што магло там змясціцца, – дзіцячае адзенне, некалькі цацак, некалькі кніжак і дакументы.

Hавiны
«Мэта – выжыць і застацца на свабодзе». Як беларускія ўцекачы хаваюцца ў Польшчы
2020.10.18 14:30

– Праблемаў з мінаннем мяжы не было?

– Самае дзіўнае, што памежнікі ў нас паглядзелі толькі дакументы і адпусцілі, ніхто нават нічога не запытаў. Польскія памежнікі, пабачыўшы нашую гуманітарную візу, распыталі, дзе і як мы збіраемся жыць.

Нас сустрэлі валанцёры ўжо на мяжы. Гэта былі беларусы, якія ўжо жывуць у Польшчы.

Аляксандр Куваннікаў пасля звальнення з працы. Фота з сямейнага архіву

Завезлі ў Васількаў, гэта побач з Беластокам, дзе мы прабылі ў гатэлі 10 дзён на каранціне. Там атрымлівалі трохразовае харчаванне і жылі бясплатна. А затым мы накіраваліся ў Кракаў. Перш за ўсё таму, што там ужо жывуць нашыя ўцекачы з Горадні, шмат маіх сяброў. Я падтрымліваў з імі сувязь. Там ёсць праца, і зняць кватэру можна адносна нядорага.

– І як вы ўладкаваліся са сваёй вялікаю сям’ёй у Кракаве?

– Першую ноч, калі прыехалі, пераначавалі ў нашага сябра. А на наступны дзень пайшлі ў сваю кватэру. Нам яе знайшлі таксама беларусы, якія ўжо жывуць у Кракаве. Вырашылі зняць трохпакаёўку. Дарэчы, яны да нашага прыходу запакавалі поўную лядоўню харчоў, купілі посуд, пасцельную ды іншую бялізну, нават памперсы для самага маленькага. Пральная машына ёсць, мэбля, мікрахвалёўка – таксама.

Тут дапамагаюць беларусы беларусам. Тыя, хто прыехаў сюды раней, аб’ядналіся ў фонды, у валанцёрскія арганізацыі, каб падтрымліваць уцекачоў з радзімы.

Нас з жонкаю гэта вельмі ўзрушыла. Плаціць за кватэру за месяц разам з камунальнымі давядзецца каля дзвюх тысячаў злотых. Атрымалі дапамогу ад Беларускага дому ў Варшаве – паўтары тысячы злотых. Калі з’язджалі, прадалі машыну, грошы на першы час ёсць.

Аляксандр Куваннікаў з дзецьмі ў Горадні. Фота з сямейнага архіву

– А што з працаю?

– Я ўжо глядзеў у інтэрнэце, і мне сябры скінулі спасылкі. Выбіраю і пасля святаў іду ўладкоўвацца. Работы шмат, проста я гляджу, дзе болей зарабляць, каб утрымліваць сям’ю. Жонка ў мяне эканамістка, але пакуль малое дзіця. Дарэчы, побач з домам – школа і садок. Калі на восень аддамо дзіця ў яслі, то жонка таксама пойдзе працаваць. Нашыя сябры ўзяліся дапамагчы ёй перакласці дыплом і іншыя дакументы, каб пацвердзіць ейную адукацыю.

– Я так разумею, што моўнага бар’еру ў вас няма?

– У мяне так, а вось дзецям давядзецца вучыць мову. Двое старэйшых ходзяць у школу, і таксама пойдзем у справе іхнага ўладкавання. Думаю, што справяцца. А ў жонкі яшчэ ёсць час да працы, каб падцягнуць свае веды.

Дарэчы, у нас суседзі – пераважна палякі. Мы ўжо трохі пазнаёміліся: сімпатычныя людзі і вельмі прыязна да нас паставіліся.

У нашым жа доме жывуць некалькі сем’яў з Беларусі, так што ёсць з кім і пра сваё пагутарыць. Дарэчы, калі трэба ў нечым зарыентавацца, то пішу да беларусаў у інтэрнэт. Усё падрабязна раскажуць, пакажуць, дапамогуць. Праблемаў няма.

– Кракаў уражанне зрабіў?

– Так, мы ўжо выязджалі ўсёю сям’ёй у цэнтр гораду. Жывём, дарэчы, недалёка – 20 хвілінаў трамваем. Усім спадабаўся горад, ёсць што паглядзець, пагатоў раней тут не былі ніколі.

Дзецям наагул усё тут падабаецца, для іх усё новае, яны задаволеныя.

Дахаты не просяцца, вучаць польскую мову праз інтэрнэт, а цяпер ёсць магчымасць і для жывой гутаркі. Адзінае, што перашкаджае, – каронавірус: трэба паўсюль на вуліцы хадзіць у масцы. І там няма такога, каб нехта зайшоў у транспарт альбо краму без маскі: за гэта – немалы штраф.

Сям’я Куваннікавых. Фота з сямейнага архіву

– А Новы год як сустрэлі?

– Ялінку не паспеў купіць, а вось цацкі і петарды набыў. Сустракалі сваёй сям’ёй. У госці наагул ніхто ні да кога не хадзіў. Новы год найперш сустракалі беларускі, слухалі віншаванні Святланы Ціханоўскай.

Hавiны
Новы год на чужыне. Чаго жадаюць сабе ўцекачы з Беларусі? ФОТАРЭПАРТАЖ
2020.12.31 13:28

– Ці не шкадуеце з жонкаю, што з’ехалі?

– Ёсць шкадаванне, што з’ехалі не на ўласнае жаданне, а вымушана. Калі б мы ад’язджалі на ўласнае жаданне, то гэта было б па-іншаму, а так… Нам усё ж давялося гэта зрабіць. Жонка трохі больш хвалюецца, яна яшчэ не вельмі сябе адчувае ўпэўнена, але бачыць, што дзеці задаволеныя.

Я ўжо не трывожуся, бо праца ёсць, сям’ю ўтрымаю, і тут ціха, спакойна.

Я гляджу, як палякі запраўляюць машыны: заліваюць поўны бак ды ідуць аплочваць, а не так, як у нас: 10 літраў, бо потым грошай не застанецца. Так што, думаю, будзем жыць і мы.

Hавiны
Амаль як у «Gimme shelter»… Як працуе часовы дом для беларусаў у Беластоку
2020.12.12 12:49

МК belsat.eu

Стужка навінаў